Аповед настаўніцы

Новости Проект "Голос поколений"

Калі мы вырашылі паўдзельнічаць у праекце «Голас пакаленняў», то перш наперш звярнуліся да Зінаіды Іванаўны Палуэктавай. Яна працуе ў нашай школе з 1989 года і актыўна займаецца захаваннем памяці аб жыхарах вёскі, гісторыі школы, стварэнні і развіцці гаспадарчага прадпрыемства. Нядаўна разам з вучнямі занялася высвятленнем новых звестак аб фактах генацыду адносна мясцовых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адным словам, краязнаўчая работа па вывучэнні Жарабковіцкага краю проста кіпіць.

Знайсці якую-небудзь  інфармацыю пра юных абаронцаў нашай мясцовасці не ўдалося, але мы пачулі цікавы аповед пра бацьку Зінаіды Іванаўны, Івана Рыгоравіча Дзяткоўскага, які падчас вайны быў падлеткам, не аднойчы адвозіў партызанам выпечаны іх аднавяскоўкамі хлеб і нават дапамог пераправіць у атрад сям’ю партызанскага камандзіра. Вось што расказала нам Зінаіда Іванаўна.

«Града ў Жыткавіцкім раёне – вёска лясная. І хоць немцы там бывалі наездамі (іх гарнізоны знаходзіліся ў суседніх вёсках Браніславе і Людзяневічах), ліха давялося пазнаць і маім землякам. Пры наведванні Грады гітлераўцы нахабна ўрываліся ў хаты і адбіралі ў людзей прадукты харчавання. Многія мужчыны, якіх не паспелі дэмабілізаваць ў Чырвоную Армію ў першыя дні вайны, пайшлі ў партызаны. А жанчыны, чым маглі, дапамагалі ім. Мая бабуля, бацькава маці, пякла хлеб для партызан. Яны прыходзілі ноччу і забіралі ўсё выпечанае. Калі не паспявалі, мой бацька адносіў ім. Сустракаліся ў вызначаным месцы, бацька перадаваў ім хлеб, знойдзеную зброю, патроны. Дарогу ў атрад партызаны не паказвалі, баючыся, што немцы могуць высачыць. Ад гэтых патронаў бацька аднойчы пацярпеў: застаўся без вока, калі з хлопцамі кінулі патрон у вогнішча.

Падчас вайны мой бацька, калі яму было гадоў 12-13, рызыкуючы жыццём, падвозіў на конях да пераезду ў Дзедаўцы жонку і двух дзяцей Андрэя Пятровіча Савіцкага, знакамітага партызанскага камандзіра, Андрэя і Мішу, якім было ўсяго шэсць і чатыры гады. Далей іх забралі партызаны.

Я перапісваюся з унучкамі партызанскага камандзіра Андрэя Савіцкага Людмілай і Марынай. І аб гэтым выпадку ім таксама расказваў іх бацька, Андрэй Андрэевіч Савіцкі. Вось што мне распавядала Марына: «Мне тата гаварыў, што яны былі ў партызанскім атрадзе з маёй бабуляй. Баяліся застацца ў Загацці (суседняя з Градой вёска), бо усе ведалі, што дзед – партызанскі камандзір».

Яшчэ адно няшчасце прыйшлося перажыць майму бацьку. 14 мая 1944 года, калі яму было ўжо 14 гадоў, прыехалі немцы, пачалі ганяць людзей па вёсцы з аднаго канца ў другі. Запалілі вёску з трох канцоў адначасова, а стайню пакінулі. Усе людзі падумалі, што будуць іх там спальваць, бо да гэтага спалілі ўсю вёску Поўчын разам з людзьмі ў 8 кіламетрах ад Грады. Доўга ганялі людзей па вёсцы, а хаты гарэлі. Затым людзей усіх сагналі ў стайню, хацелі спаліць. У апошнія хвіліны гэты загад адмянілі, на кані прыскакаў нямецкі камандзір і адпусціў людзей. Кажуць, гэта дапамагла немка-перакладчыца з Людзяневіч, якая да вайны працавала настаўніцай нямецкай мовы ў суседняй вёсцы.

Бацька, як старэйшы з сыноў, пабудаваў у лесе курэнь. Так зрабілі ўсе градаўцы, якім не было дзе жыць. Ад тушы каровы, якую застрэлілі немцы, бабуля разам з бацькам хадзілі і адразалі кавалкі мяса і варылі ежу. Рвалі маладую крапіву, лебяду, даставалі патроху закопанае ад немцаў зерне, варылі пахлёбку. Так яны і выжылі. Жылі ў курані датуль, пакуль немцы не пачалі адступаць, а нашы салдаты не вызвалілі Граду ў ліпені 1944 года. Якая была радасць вярнуцца ў родную вёску. Праўда, ад вёскі нічога не засталося, адно папялішча. Але людзі, якіх не сагналі ў Германію, вярталіся, будавалі курані на месцы сваіх хат. Бацькава сям’я таксама пабудавала курэнь на месцы хаты, і так яны жылі ўжо да Перамогі 9 мая 1945 года.

Пасля вайны пятнаццацігадовым юнаком мой бацька, Іван Рыгоравіч Дзяткоўскі, паступіў у Ленінградскае ФЗУ, вывучыўся на электрыка. Доўгі час працаваў электрыкам у жыткавіцкай воінскай часці, затым да пенсіі кінамеханікам. Меў шматлікія ўзнагароды. Дажыў да 92 гадоў (напэўна, загартавала вайна). Памяць аб ім захаваецца не толькі ў маім сэрцы, але і ў сэрцах землякоў-градаўцоў».

Слухалі мы настаўніцу ўважліва і ўяўлялі, як цяжка было выжыць яе бацькам у ваеннае ліхалецце. Яшчэ глыбей мы адчулі, як важна цаніць мір і быць удзячнымі кожнаму, хто здабываў яго.

Вучні 6-га класа,

Ляхавіцкі раён,

Жарабковіцкая школа

імя М. Г. Мінкевіча.

Проект реализуется при финансовой поддержке в соответствии с Указом Президента Республики Беларусь № 131 от 31 марта 2022 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *