На скрыжаванні трох раёнаў: Бераставіцкага, Мастоўскага і Ваўкавыскага знаходзіцца невялікая вёска Пачуйкі. Тут нарадзіўся і жыве сябра нашай школы, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікалай Пятровіч Іваноўскі, чалавек пранікнёны і чулы, з-пад пяра якога выйшлі ў свет восем зборнікаў паэзіі.
Кожны верш паэта – дотык да рэчаў, з’яў, вобразаў, якія блізкія і дарагія кожнаму чалавеку. Паэт заклікае любіць Беларусь, Бога, сваіх бацькоў, родную хату, вёску, шанаваць традыцыі. Самым важным для паэта з’яўляейцца ўсё тое, што звязана з маці, бацькам, дамашняй утульнасцю. За кожным радком верша прыхаваны вялікі сэнс. Паэт звяртаецца да маладых з заклікам: «Пачуйце, людзі! Не страцце ў мітусні і тлуме дзён будучае!». Памяць выступае жывой істотай, бо выяўляе чалавечыя думкі і пачуцці. Паэт даказвае, што талент роду Іваноўскіх не знік, а прадаўжаецца ў ім.
З-пад пяра паэта выйшаў у свет новы зборнік вершаў «Духмяны падарунак». У Вялікаэйсмантаўскай школе адбылася прэзентацыя дадзенага зборніка, на якую прыехалі Мікалай Пятровіч Іваноўскі, крытык, паэт, празаік , журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба «Экватар» Вячаслаў Яўгенавіч Корбут, беларуская пісьменніца, перакладчык, крытык, журналіст Інга Уладзіславаўна Вінарская, падпалкоўнік бранетанкавых войскаў ў адстаўцы, кіраўнік Гродзенскай камісіі па ахове помнікаў Дзмітрый Сяргеевіч Аўсечык.
Спачатку госці наведалі школьны музей землязнаўства «Каменны летапіс Зямлі», а затым распачалася прэзентацыя новага зборніка Мікалая Іваноўскага, на якую сабраліся вучні і настаўнікі школы і раёна. Рабяты расказалі пра свае дасягненні ў вывучэнні творчасці паэта, паказалі прэзентацыю па творчасці паэта, буктрэйлер на яго кнігу «Пяром і сэрцам».
Вячаслаў Корбут расказаў пра літаратурны клуб «Экватар», падзяліўся ўражаннямі аб новым зборніку Мікалая Пятровіча Іваноўскага. Ён зазначыў, што зборнік пачынаецца вершам «Духмяны падарунак», у якім раскрыты сэнс назвы зборніка, асноўная думка і яго прызначэнне. Затым ідзе прадмова, якую напісала Інга Вінарская, дзе яна зазначае, што «агульны настрой кнігі ўзвышаны і прыгожы, і гэта не дзіўна, бо аўтар натхняўся пры напісанні вершаў прыгажосцю навакольнай прыроды, роднымі краявідамі невялічкай вёсачкі Пачуйкі». Зборнік складаецца з пяці частак і больш прызначаны для дзяцей. Затым сам паэт вершы чытаў, якія ўвайшлі ў зборнік, таксама і новыя, напісаныя ўжо пасля выдання кнігі.
Пра патрыятызм, патрыётаў і адносіны моладзі да помнікаў, да памяці аб вайне гаварыў Дзмітрый Сяргеевіч Аўсейчык. Ён сказаў, што «выдатнікам не кожны можа стаць, а патрыётам павінен быць кожны».
Інга Вінарская прачытала свае вершы са зборніка «Гучы, маё сэрца, гучы…». Мясцовая паэтка Галіна Уладзіміраўна Румак (Галіна Жывіца) таксама прачытала свае вершы пра прыгажосць родных краявідаў.
Ірына Іванаўна ШВЕК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Бераставіцкі раён, Вялікаэйсмантаўская школа.