Наша родная мова прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, пявучая. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй трапнае слова. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі.
У пачатку навучальнага года ў кожнай школе праводзіцца тыдзень роднай мовы. У школе № 1 г. Смаргоні свята роднай мовы заўсёды з’яўляецца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты тыдзень роднай мовы, які прайшоў з 18 па 23 верасня 2023 года.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску». З раніцы пачаліся сюрпрызы: адгадаў беларускае слова – атрымай беларускую цукерку. У фае школы быў аформлены тэматычны стэнд, выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове «Сэрцам роднага слова краніся».
Дэвізам другога дня стаў слоган «Роднаму слову – прызнанне ў каханні». Вучні 7-х класаў сталі ўдзельнікамі «Свята Ў». Словамі роднай мовы яны выказвалі пачуцці да роднага слова, да незвычайнай літары. А якое здзіўленне і непадробны інтарэс выклікалі музычныя хвілінкі «Роднаму слову – прызнанне ў каханні».
Трэці дзень «Мова родная – мова модная» дадаў новых фарбаў тыдню. Акцыя «Далучы сваю далонь» паказала шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і Радзімы нашых падлеткаў. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці і радасці, святла і міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далоньках. А вось пяцікласнікі сталі вандроўнікамі па краіне беларускіх казак і спасцігалі вопыт нашых продкаў.
Пятніца прайшла пад дэвізам «Дызайн па-беларуску». Вучні 6–8-х класаў на аркушах паперы стваралі свае шэдэўры беларускага адзення.
Завяршыўся тыдзень роднай мовы квэст-гульнёй «Гонкі за ведамі». Гульня прайшла весела, цікава, пазнавальна. Навучэнцы школы прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. Самыя актыўныя з іх атрымалі дыпломы пераможцаў гульні. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна, запомнілі, што мы – беларусы. Што мы – самабытны, таленавіты народ.
Цікавыя і змястоўныя мерапрыемсты ў рамках святкавання тыдня роднай мовы садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей павагі і любові да роднай мовы, але і ўзбагацілі іх новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа. Тыдзень запомніўся ўсім. Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо ў ёй захавана гісторыя нашага народа.
Марыя Антонаўна КУЗЬМІЧ,
Марыя Авеніраўна КУЗЬМІЧ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры,
г. Смаргонь, школа № 1.