Папулярызацыі заняткаў фізічнай культурай і спортам у нашай краіне надаецца вялікае значэнне. Заняткі фізічнай культурай і спортам спрыяюць удасканаленню фізічнай формы, псіхічных і маральных якасцяў, умацаванню здароўя і падаўжэнню даўгалецця.
Сістэматычныя трэніроўкі і рэжым дапамагаюць пазбавіцца ад шкодных звычак. Заняткі спортам павялічваюць вынослівасць і працаздольнасць чалавека. Трэніроўка прывучае граматна планаваць рэжым дня і строга яго выконваць.
Для навучэнцаў Пархімаўскай базавай школы заняткі фізічнай культурай – важная і любімая частка вучэбнага дня. Падрыхтоўка да штогадовага тыдня спорту і здароўя пачынаецца загадзя. Планаванне мерапрыемстваў ажыццяўляецца сумесна з вучнёўскім актывам. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўносяць свае пажаданні па падборы відаў спорту, прапануюць цікавыя конкурсы і эстафеты. Таксама школьнікі дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў: рыхтуюць інвентар, падбіраюць сцэнарыі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, ажыццяўляюць судзейства. Такі падыход дазваляе ўцягнуць у мерапрыемствы больш навучэнцаў, дае магчымасць кожнаму знайсці сабе прывабны занятак, у тым ліку навучэнцам, якія па стане здароўя не могуць займацца ў асноўнай групе па фізкультуры.
Урачыстае адкрыццё тыдня спорту і здароўя суправаджаецца гучаннем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемствы тыдня накіраваны на далучэнне навучэнцаў да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, фарміраванне ў дзяцей звычкі клапаціцца пра сваё здароўе, імкнення быць здаровым.
Пачаўся тыдзень з спартыўнага свята «Залатая скакалка». Свята ўключала вясёлыя конкурсы, у якіх галоўным інвентаром была скакалка. Напрыклад, былі конкурсы на максімальную сумарную колькасць скачкоў ад каманд, на скачкі з падвойным кручэннем скакалкі, скачкі ў парах, эстафета «Бег праз скакалку». Дзецям падабаюцца скачкі праз доўгую скакалку, калі двое круцяць, а восем – скачуць.
Асобныя дні былі прысвечаны спаборніцтвам па настольным тэнісе «Уімблдонскі турнір» і міні-футболе «FIFA World Cup», бо вялікай колькасці навучэнцаў падабаецца займацца гэтымі відамі спорту. Навучэнцы пачатковых класаў вельмі любяць эстафеты з разнастайнымі конкурсамі і інвентаром. З улікам іх пераваг праведзена эстафета «Мы разам пераможам!». Яна ўключала скачкі з мячом, конкурсы з абручамі, гульню на спрыт «Хутка пакладзі», конкурсы «Не страць», «Перайдзі балота». Праграма суботняга спартыўнага свята «Алімпійская надзея Беларусі» змяшчала розныя віды бегу. На працягу тыдня актывам ГА «БРПА» і «БРСМ» праводзілася акцыя «Запішы дзіця ў спартыўную школу».
З нецярпеннем навучэнцы чакалі ўзнагароджання граматамі за свае спартыўныя перамогі на ўрачыстым закрыцці тыдня. Але школьнае спартыўнае жыццё на гэтым не заканчваецца. Дні здароўя і заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах спартыўнага профілю чакаюць сваіх аматараў.
Віталій Сяргеевіч ХІЛЮТА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя,
Бераставіцкі раён, Пархімаўская базавая школа.