Школьны тэатр – шлях да мастацтва

Из нашей почты Клуб юного театрала Новости

На базе школы № 4 г. Мінска адбылася прэм’ера спектакля «Маленькі прынц» па матывах аповесці-казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Выступленне падрыхтавалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання «Купаласы» пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Андрэеўны Вайцяховіч. Паглядзець спектакль прыехалі нават госці з Расіі.

Як расказала Таццяна Андрэеўна, назва аматарскага аб’яднання атрымалася выпадкова, яна ўтворана ад прозвішчаў знакамітых беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

– У мінулым годзе, калі праводзілі  літаратурную  вечарыну «Песняры зямлі беларускай…», прысвечаную творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, у адзін момант хацела сказаць: «Купала і Колас», і выпадкова прамовіла «Купалас». З таго часу гэтая назва  замацавалася за намі, нават назвалі так суполку ў тэлеграме і  інстаграме, – гаворыць кіраўнік аматарскага аб’яднання. – Часта назву чытаюць  няправільна, з націскам на трэці склад,  думаючы, што яна ўтворана  ад слова «купал».

 «Маленькі прынц» быў першай тэатральнай спробай творчага калектыву. Выбралі менавіта гэты твор для пастаноўкі, бо кніга агульнавядомая і зразумелая ўсім на любой мове. Падумалі, што калі атрымаецца добры спектакль, яго можна будзе  выкарыстоўваць як візітную картку. Так і адбылося. Аднак,  у  гэтым годзе ўдзельнікі аматарскага аб’яднання  вырашылі паўтарыць пастаноўку «Маленькага прынца». І на гэты раз –  у пашыраным фармаце.

Я пацікавілася ў юных акцёраў іх уражаннямі ад пастаноўкі.

– Я  выступала ў ролі апавядальніка. Шчыра кажучы, было вельмі хвалююча, але атрымалася, лічу, цікава, – разказвае Соня Кавалеўская, вучаніца 10-га класа. – Да прэм’еры рыхтаваліся каля паўтара месяца. Сённяшняга «Маленькага прынца» нельга параўноўваць з тым спектаклем, які ставілі два гады таму. Тады сцэнарый быў досыць скарочаны і просты. З дэкарацый выкарыстоўвалі толькі вулканы, а мінулая дзяўчынка-апавядальнік чытала тэкст. У гэты раз мне давялося ўсё вывучыць і расказваць».

А вось Івану Тураву, вучню 8-га класа, прыйшлося добра папрацаваць. – Таццяна Андрэеўна пры размеркаванні роляў адразу ж намеціла мяне каралём. Персанаж здаваўся нейтральным, але я думаю, што ён непадобны на мяне сапраўднага. Таму вельмі стараўся, каб атрымалася  гарманічна, максімальна спрабаваў аддацца ролі, ды з дакладнасцю яе сыграць, – падзяліўся Іван.

Аўгуст Курмалёў, вучань 10-га класа, ужо мае акцёрскі вопыт – раней   хлопец займаўся ў прыватнай акцёрскай школе.

– Мне вельмі падабаецца займацца ў гуртку, – кажа Аўгуст. – Мне дасталася роля Маленькага прынца. Лічу, што у мяне атрымалася давесці да гледача вобраз свайго героя,  таму што з гэтым персанажам маю шмат агульных рысаў.

На выдатна з роляй змяі справілася Яраслава Сулейка, вучаніца 11-га класа. Свой вобраз  дзяўчына стварала амаль што цалкам сама. Нават,  вязала сцэнічны касцюм.

А вось дзесяцікласніцы Дашы Цысбалістай  дасталася роля Ліса.

– З-за  маіх  рудых валасоў я іграю гэту ролю яшчэ з тых часоў, калі мы ўпершыню паставілі «Маленькага прынца». Магу адназначна сказаць, што раней  больш хвалявалася на сцэне, часта магла забыць словы.  Сёння мой Ліс вельмі спакойны і ўпэўнены. Хоць на сённяшняй прэм’еры я забылася некалькі слоў з-за хвалявання, але ўсё роўна выкруцілася! – падзялілася дзяўчына.

Для Лены Крышчановіч, вучаніцы 9-га класа, якая выступала ў вобразе чалавека, які пастаянна заняты справай, сённяшняя прэм’ера аказалася вельмі хвалюючай. Дзяўчына выступала ў тэатральнай пастаноўцы ўпершыню, але справілася дастойна. Прафесійна і ўпэўнена паводзіў сябе Яфім Ерашэнка, вучань 8-га класа. Хлопец працаваў у пастаноўцы гукарэжысёрам. Ён добра разбіраецца ў абсталяванні, таму што скончыў  спецыяльныя курсы, а з 7-га класа праводзіць школьныя дыскатэкі, мерапрыемствы і канцэрты.

– Спектакль вельмі спадабаўся. Было цікава глядзець, – падзяліліся ўражаннямі госці, вучаніцы 8-га класа школы №639 г. Санкт-Пецярбурга Крысціна Іванова і Паліна Ларчанка. – Праўда мы ў нейкіх момантах не разумелі пэўныя словы, але так як руская і беларуская мовы даволі падобныя, хутка разабраліся. Дэкарацыі былі неверагодна прыгожыя. А саміх акцёраў падабралі сапраўды па знешнасці. Ролі яны выканалі вельмі добра!

Цінацін МАЙСУРАДЗЭ,

вучаніца 11-га класа «А»,

г. Мінск, школа № 4.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *