Нацыянальныя каштоўнасці, традыцыі – скарб, якім ганарыцца кожны народ. Вельмі важна, каб вучні з павагай ставіліся да гэтага, разумелі і бераглі. Васьмікласнікі гімназіі № 3 горада Магілёва наведалі ткацкую майстэрню ў Зялёным гаі. Іх ветліва сустракала гаспадыня Жанна Мікалаеўна.
Вучні мелі магчымасць на свае вочы ўбачыць прадметы быту беларусаў: вялікі стол, лаву, сапраўдныя кросны і шмат іншых цікавых рэчаў. На доўгім стале ляжалі прыгожыя сурвэткі, каралі, высушаныя лекавыя травы, стаялі свечкі ў падсвечніках. Васьмікласнікі паспрабавалі самастойна ткаць прыгожую закладку для кнігі, убачылі працэс вырабу лялькі-мотанкі і паслухалі інфармацыю пра асаблівасці яе захавання ў доме. Прыгажуня-лялька застанецца для нашых вучняў абярэгам. Незвычайная атмасфера і энергетыка гэтага месца ўразілі, здзівілі, зацікавілі. Спадзяюся, што такія падарожжы дапамогуць прадэманстраваць для маладога пакалення самабытнасць і ўнікальнасць старадаўняга побыту беларусаў. Упэўнена, што этнакуткі не будуць несці толькі функцыю музейных экспазіцый, а стануць цэнтрамі, што выхоўваюць маладое пакаленне.
Ала Фёдараўна НЕСЦЯРОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
г. Магілёў, гімназія № 3.
Фота аўтара.