Тыдзей роднай мовы

Из нашей почты

Тыдні беларускай мовы і літаратуры заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, што прайшоў у нашай школе.

План тыдня пад агульным дэвізам «Родная мова – пявучая, звонкая!» ахапіў сваімі мерапрыемствамі ўсіх вучняў і педагогаў школы. Разнастайныя спаборніцтвы, віктарыны, выставы, дыдактычныя гульні, віртуальныя падарожжы дазволілі дзецям больш даведацца пра багатую спадчыну беларускага краю, а таксама прадэманстраваць свае інтэлектуальныя, лідарскія і творчыя здольнасці.

Агульны  цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які пачаўся з кніжнай выставы «Беларускія пісьменнікі дзецям», арганізаванай ў школьнай бібліятэцы.

Працягам першага дня стаў «Паэтычны калейдаскоп», прысвечаны Аркадзю Куляшову і арганізаваны вучнямі 10-га класа. Яны правялі акцыю «Прадказанні ад беларускага паэта». Не менш цікавай і запамінальнай стала квэст-гульня «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», якая дапамагла вучням 7-х класаў паказаць не толькі кемлівасць і спрыт, але і ўменне працаваць разам, знаходзячы правільны адказ на пастаўленае пытанне і калектыўна выконваючы чарговае заданне.

Акцыя «Фізкультхвілінкі па-беларуску» наогул аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі іх з вучнямі на ўроках на беларускай мове.

Добрыя веды па мове паказалі вучні 9–11-х класаў у інтэлектуальнай гульні «Юныя мовазнаўцы»!.

Аказалася, што не так проста адкрываюцца скарбонкі мудрасці, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў, тэставых заданняў і  заданняў з падвохам пад час арганізаванай для вучнях старэйшых класаў інтэлектуальнай гульні «Любіце, ведайце і шануйце роднае слова».

Актыўны ўдзел прынялі вучні і настаўнікі ў акцыі «Гавары са мной па-беларуску». У выніку кожны ўдзельнік пакінуў у сваім сэрцы думку, што трэба любіць і шанаваць родную мову, захоўваць гісторыю нашага краю, бачыць і дэманстраваць іншым прыгажосць беларускага слова.

Зацікавіць вучняў 6-х класаў народнай спадчынай – шматлікімі прыказкамі і прымаўкамі, фразеалагізмамі – дапамагла гульня «Пагуляем ў беларускае слова». Дзецi з вялікай адказнасцю аднесліся да правядзення гэтага мерапрыемства. Удзельнікі каманд паказалi не толькi трывалыя веды фальклору, але i праявілі творчыя здольнасцi ў iнсцэнiроўках па змесце казачных сюжэтаў.

Навучэнцы 7-х класаў сталі ўдзельнікамі квэста «Беларускай скарбонка». Жаданне вучняў перамагчы ў квэсце дапамагло ім арганізаваць сумесную дзейнасць, прадэманстраваць адказнасць і калектывізм.

Патрыятызмам быў напоўнены конкурс творчых работ «Натхнёны водарам Радзімы…»: вучні стваралі цудоўныя радкі-прызнанні ў любові да Радзімы і роднага слова. Конкурс чытальнікаў «Я словам слаўлю родны край», у якім прынялі ўдзел вучні 5–11-х класаў, дапамог выявіць сярод іх самых творчых і актыўных, якія любяць і ўмеюць цудоўна чытаць вершы беларускіх паэтаў.

Сапраўдным святам стала завяршэнне тыдня. Асабліва гасцінным выдаўся апошні дзень. Літаратурна-музычная гасцёўня «Галасы роднага краю» падарыла ўсім прысутным магчымасць дакрануцца сэрцам да роднага слова, адчуць радасць ад сустрэчы з творчасцю беларускіх аўтараў. Са школьнай сцэны гучалі песніна роднай мове, выконваліся беларускія народныя танцы. Вучні з задавальненнем чыталі вершы беларускіх паэтаў і свае ўласныя. Самыя актыўныя ўдзельнікі і асобных творчых конкурсаў былі адзначаны граматамі.

Адным з самых яркіх момантаў стала сустрэча з цудоўнай драгічынскай паэткай Алай Іванаўнай Яхімовіч. Прысутныя пазнаёміліся з яе творчасцю і былі зачараваны яе цудоўнымі вершамі на беларускай мове. Эмацыянальнае, цікавае выступленне паэткі нікога не пакінула абыякавым, і напрыканцы сустрэчы большасць вучняў упэўнена называла сваёй роднай мовай беларускую.

Тыдзень прайшоў на высокім узроўні і паказаў, што вучні, ведаюць фальклорныя традыцыі продкаў, цікавяцца беларускай мовай і літаратурай, нацыянальнай спадчынай, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі Беларусі і вельмі ганарацца нашай Радзімай.

 Застаецца выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у цікавых і запамінальных мерапрыемствах, а, галоўнае, арганізаваў для ўсіх нас такое цудоўнае свята – кіраўніку кафедры беларускай мовы і літаратуры Т. А. Навумчык, а таксама настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Н. В. Міхайлоўскай, А. М. Дзеранчук, Л. В. Траццяк і С. М. Данілюк, а таксама школьнаму бібліятэкару Г. М. Міхальчук.

Спадзяемся, што мерапрыемствы беларускамоўнага тыдня дапамаглі абудзіць ва ўсіх яго ўдзельніках цікавасць да вывучэння роднай мовы, гісторыі і традыцый беларускага народа, а таксама дапамаглі праявіць сябе і знайсці новых сяброў. Усе, хто душой дакрануўся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, да фальклорных традыцый нашага народа, заўсёды будуць імкнуцца, каб роднае слова «гучала ў вяках».

Таццяна КУКСА,

Ганна ПЯТРОЎСКАЯ,

вучаніцы 11-га класа,

г. Драгічын, школа № 2,

гурток «Юны журналіст».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *