Удзельнікі клуба аматараў кнігі «МалышОК» Круцілавіцкай школы сабраліся на чарговую сустрэчу напярэдадні свят, каб пазнаёміцца з выставай «Зімовыя казкі», але здзівіліся, калі не ўбачылі на ёй ніводнай кніжкі.
Што ж здарылася? Аказалася гэта Баба-яга нашкоднічала: сумна ёй стала перад Новым годам і вырашыла яна згуляць з дзецьмі ў хованкі. Схавала ўсе кніжкі, але пакінула падказкі на навагодніх шарыках. Выходзячы з ёй на сувязь, хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі самыя розныя заданні, што прыдумала Баба-яга: скласці навагоднія пазлы, успомніць навагоднія песні, казкі, адгадаць загадкі, упрыгожыць ялінку.
Пасля кожнага выкананага задання, вучні атрымлівалі падказку, дзе знайсці кніжку і яна займала сваё месца на выставе. Толькі адну не маглі знайсці – казку пра Снежную каралеву.
Але тут ім дапамагла сама Снежная каралева, якая завітала ў бібліятэку. Сустрэча з ёй была зусім не халоднай, а цёплай і радаснай. Яна правяла з дзецьмі міні-віктарыну па казцы Х. К. Андэрсэна «Снежная каралева», павіншавала дзяцей з надыходзячымі святамі, пачаставала салодкімі пачастункамі і заклікала да чытання кніг і новых сустрэч з казачнымі героямі.
Таццяна Аляксандраўна МАЙСЕЙЧЫК,
бібліятэкар,
Дзятлаўскі раён, Круцілавіцкая школа.