Вывучалі мінулае

Из нашей почты Новости

На працягу сямі дзён для дваццаці вучняў 1–5-х класаў Дварэцкай школы працаваў дзіцячы аздараўленчы лагер «Снегавічок».

Кожны дзень быў тэматычны. Акрамя тэм новага года, бяспекі, здаровага ладу жыцця, крэатыву і творчасці найбольш раскрытай стала тэма патрыятызму і краязнаўства. Былі праведзены: Дзень турызму і краязнаўства і Дзень грамадзянска-патрыятычнага выхавання.

У Дзень турызму і краязнаўства выхаванцам быў прадэманстраваны відэаролік «Гарады Беларусі. Дзятлава». Вучні прынялі ўдзел у віртуальным падарожжы «Чым знакаміта Дзятлаўская зямля». Прагледзеўшы відэаролік, змаглі даведацца пра знакамітых уладальнікаў Дзятлава, пра асаблівасці архітэктуры яўрэйскай забудовы на гарадской плошчы, успомнілі пра гісторыю будаўніцтва Касцёла Божага Цела і ўсталяванне надмагільнага помніка «Самотны Анёл» Апалінарыі Пратасевіч. Таксама дзецям прадэманстравалі Google-карты, распрацаваныя членамі Савета школьнага музея «Турыстычная прывабнасць Дзятлаўшчыны». Дзякуючы дадзеным картам можна вельмі хутка знайсці цікавую інфармацыю пра мястэчкі Дзятлаўскага раёна, пра вядомых уражэнцаў, брацкія магілы, помнікі землякам, літаратараў Дзятлаўшчыны і многае іншае.

У дзень грамадзянска-патрыятычнага выхавання выхавальнік Марына Ўладзіславаўна Трубко расказала вучням пра рэалізацыі ў Беларусі і Расіі рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Цягнік памяці». Выхаванцы прагледзелі відэарэпартаж падзей рэалізацыі праека летам 2023 г., а таксама наглядныя раздаткавыя матэрыялы. Выхавальнік лагера Вікторыя Вячаславаўна Дарафейчык раскрыла дзецям сутнасць слоў «генацыд», «халакост», «гета», «канцлагер» і іншыя ваенныя тэрміны. А дырэктар лагера Віталій Анатольевіч Іванашка прадэманстраваў выхаванцам відэаролік «Сёстры Хатыні» і аднайменную кнігу. Дзеці прагледзелі карту «Населеныя пункты Беларусі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Яны змаглі адказаць на пытанне, па якіх прычынах нямецка-фашысцкія захопнікі палілі беларускія вёскі ў гады вайны.

На маю думку праведзеныя мерапрыемствы змаглі запаліць іскрынку цікавасці да вывучэння гісторыі сваёй малой радзімы і да таго ўкладу, які ўнёс беларускі народ у справу вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Віталій Анатольевіч ІВАНАШКА,

дырэктар аздараўленчага лагера «Снегавічок»,

Дзятлаўскі раён, Дварэцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *