У падарожжа да суседзяў адправіліся васьмікласнікі са Смаргоні

Из нашей почты Новости

Навучэнцы 8-х класаў школы № 3 г. Смаргоні адправіліся ў цікавае падарожжа па горадзе Ашмяны, што паблізу ад нашай Смаргоні, за 34 кіламетры. Тут, як кажуць, кожны камень гісторыяй дыхае.

Наведалі Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча. Убачылі макеты горада Ашмяны, як выглядаў горад у пачатку свайго развіцця і як пашыраўся па меры яго будаўніцтва. Сам музей быў адчынены ў 1952 годзе, і цяпер размяшчаецца ў будынку былой аптэкі, які пабудавалі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Супрацоўнік музея цікава расказала, як узнік горад, адкуль пайшла назва горада. «Ашмяны, ашмян» – слова балцкага паходжання, што значыць «вастрыё». У мінулым Ашмяны славілся гандлем коней. І калі Смаргонь вядома сваёй Мядзведжай акадэміяй, то ў ХІХ стагоддзі ўсе ведалі пра ашмянскіх коней пароды Ашмянка. У 1792 годзе ў горада з’явіўся першы герб. На ім змяшчалася выява смаргонскага мядзведзя.

Выстава «Пад святлом старой лямпы» распавяла пра першыя гаспадарчыя рэчы, якімі карысталіся: лучынка, каромысла. Лучынкай карысталіся бедныя сяляне, газай – шляхта. Цікавы факт, што менавіта ў шляхецкай сям’і ўпершыню ўзнік абажур. Каб асвятляць жыллё, у побыце карысталіся керасінавай лямпай.

Удзельнікі экскурсіі ўпершыню даведаліся, што ў час Вялікай Айчыннай вайны зямлянкі асвятляліся свечкай, якая ўстаўлялася ў гільзу.

Не абмінулі і сучаснае жыццё Ашмянаў, развіццё прадпрыемстваў і вытворчасці. У горадзе працуе Ашмянскі дражджавы завод –старэйшае прадпрыемства ў горадзе, Ашмянскі сырзавод, Гальшанскі крухмальны завод, Ашмянскі мясакамбінат. Гандаль сёння развіваецца хуткімі тэмпамі, горад расце, буйнее.

Асаблівай тэмай для музея з’яўляецца жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры Ф. Багушэвіча, які знайшоў вечны спачын на Ашмянскай зямлі. Радкі яго знакамітага верша «Мая дудка» напісаны на сценах кожнай залы музея. Закончылася экскурсія праглядам пастаноўкі тэатра ценяў, у аснове якой ляжала гісторыя-легенда пра хлопчыка Ляўко.

Потым вучні накіраваліся ў Гальшанскі замак. Знаёмства з гістарычнымі артэфактамі адбывалася падчас гульні-квэсту. Даваліся заданні, якія трэба было выканаць: разгадаць рэбусы, адгадаць зашыфраванае пасланне Уладзіміра Караткевіча. Прызам сталі салодкія вырабы – пернікі мясцовай вытворчасці.

Слаўная наша зямля нараджае сапраўдныя таленты, якія трымаюцца на моцным падмурку, закладзеным нашымі папярэднікамі.

Вольга Сяргееўна ІЛЬІНА,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

г. Смаргонь, школа № 3.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *