Каляда, каляда, адчыняй вароты!

Из нашей почты Новости

У рамках інавацыйнага праекту ў гімназіі №3 г. Магілёва прайшоў тыдзень, прысвечаны нацыянальнаму святу Каляды. Усе мерапрыемствы гэтага тыдня былі маштабнымі, цікавымі, крэатыўнымі, пазітыўнымі, вясёлымі, была ахоплена ўся гімназія з 1-га па 11-ы класы.

Пачатак тыдня пакладзены 9 і 10 студзеня. На працягу двух дзён лектарская група і ражаныя, агульным складам 21 чалавек, прайшла па класах пад дэвізам «Каляда, каляда, адчыняй вароты!».

Лектары коратка знаёмілі з гісторыяй Каляд (падрыхтавалі навучэнцы 9-ых класаў і настаўнікі-інаватары Святлана Вячаславаўна Цыхоўская, Таццяна Іванаўна Палазкова), а ражаныя (у касцюмах цыган, ваўка, мядзведзя, казы, гаспадара і гаспадыні) варажбой па руцэ і жартамі зазывалі народ на гулянне, прасілі смачных і салодкіх гасцінцаў за свае жарты (падрыхтавалі навучэнцаў 8-ых класаў настаўнікі-інаватары Церахава Ірына Уладзіміраўна, Несцяровіч Ала Фёдараўна, Смірнова Вольга Уладзіміраўна, класныя кіраўнікі — Дуплеўская Вольга Валер’еўна,  Чарнова Юлія Мікалаеўна).

Кульмінацыяй кожнага наведанага класа былі народныя калядныя песні (калядкі) на беларускай мове ў выкананні навучэнцаў 6 «В» класа, дзе саліравала сваім чароўным голасам Надзея Самова.

Навучэнцы ўсіх класаў з цікавасцю глядзелі і слухалі. Малодшыя гімназісты пачатковай школы з асаблівай цікавасцю сустрэлі вялікую незвычайную групу, кожны з іх прыгатаваў калядоўшчыкам прысмакі. На памяць рабілі фатаграфіі класам і асобна.

У гэты ж дзень сярод восьмых класаў быў праведзены конкурс касцюмаў калядоўшчыкаў. Перамагло сяброўства, у конкурсе касцюмаў 8-ые класы падзялілі першае месца!

 Гімназісты 5-11 класаў з 8 па 12 студзеня прынялі ўдзел у Калядным квэсце «Каляда-каляда, бедам – не, а шчасцю – да!».

Дзеці праверылі свае веды ў роднай беларускай мове на станцыі «Смак беларускай мовы», выканалі інтэрактыўныя практыкаванні ў LearningApps, згулялі ў «Сваю гульню», акунуўшыся ў традыцыі і абрады каляднага тыдня, а таксама пагадалі на поспех у 2024 годзе. Выказваем падзяку настаўнікам-інаватарам Лугаўцовай Алесі Валер’еўне і Асесаравай Юліі Уладзіміраўне, якія падрыхтавалі і цікава правялі гэтае мерапрыемства.

13  і 14 студзеня сярод навучэнцаў гімназіі быў праведзены конкурс-выстава малюнкаў «Калядная зорка», на які было прадстаўлена каля 50 работ.

Да 19 студзеня, праваслаўнага свята Вадохрышча, па аб’яве «Афішы Праваслаўнай» лепшыя дзіцячыя малюнкі, якія занялі прызавыя месцы ў гімназіі ў колькасці 30 штук, журы адабрала і адаслала праз РУП «Белпошта» на рэспубліканскі конкурс творчых работ у Мінскі раён, вёску Копішча, дзе знаходзіцца прыход Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы. Дзякуем за арганізацыю гэтага конкурсу настаўнікаў-інаватараў Наталлю Валер’еўну Высоцкую, Святлану Вячаславаўну Цыхоўскую, Вольгу Уладзіміраўну Смірнову.

З 08.01 па 12.01 праведзены конкурс мультымедыйных праектаў сярод 6-ых класаў. Па выніках анлайн галасавання пераможцамі сталі: Астанковіч Майя, 6 «Г» клас, — 1-ае месца за відэаролік, набрала 57,8% галасоў (настаўнік-інаватар Т.І. Палазкова), 2-ае месца за буктрэйлер — Лужкова Лізавета, 6 «А» клас, набрала 42,2% галасоў (настаўнік-інаватар С.В.Цыхоўская).

У рамках каляднага тыдня гімназісты і настаўнікі маглі азнаёміцца з тэатралізаваным паказам батлеечнага спектакля «Запрашаем на Калядкі». Мэта мерапрыемства – прыцягненне навучэнцаў да культуры і традыцый беларускага народа праз народнае свята. У падрыхтоўцы дадзенага мерапрыемства ўдзельнічалі гімназісты 7-ых класаў пад кіраўніцтвам настаўніка-інаватара І.В.Церахавай, а 9-ага — С.В.Цыхоўскай.

12 студзеня 2024 года ў рамках інавацыйнага праекта «Калядны тыдзень» прайшло чарговае цікавае мерапрыемства пад назвай «Рухомыя перапынак». У гэтым мерапрыемстве  былі ахоплены гімназісты з 1-ага па 8-ы класы. Праводзілася яно ў холе другога паверха пад вясёлую беларускую музыку. Вучням прапаноўвалася прайсці некалькі станцый.

Больш за ўсё ўдзельнікам рухомых перапынкаў спадабаўся смешны запальны танец дзеда Мароза пад хуткую музыку, якая гучала з вялікага рухомага экрана. Сямікласнікі-арганізатары танчылі, а ўсе астатнія паўтаралі за імі рухі.

Старадаўняя гульня пад назвай «Залатыя вароты» ў конкурсах узяла верх па ахопе ўдзельнікаў. Сутнасць гульні заключалася ў тым, што два чалавекі становяцца ў выглядзе варот, а іншыя людзі павінны ланцужком праходзіць паміж імі. Вароты гавораць свае словы і апускаюць рукі, ловячы дзіця і забіраючы яго ў свой круг. Гульня заканчваецца, калі застанецца адзін чалавек.

На станцыі «Загадкі» за правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі цукеркі. Бо ў перыяд Каляд трэба весяліцца, частаваць і частавацца!

Рухомыя гульні падрыхтаваў 7 «А» клас сумесна з класным кіраўніком, педагогам-інаватарам Вольгай Сяргееўнай Максімаўцовай, дапамагалі педагогі-арганізатары.

 У суботу, 13 студзеня, для 5-ых і 6-ых класаў праводзіліся калядныя гульні ў бібліятэцы, кабінеце гісторыі і спартыўнай зале гімназіі.

Віншуем усіх з Калядамі і жадаем здароўя, поспехаў і дабрабыту!

Рэдактар «Гімназічнага весніка»,

кіраўнік па інтарэсах «Прэс-цэнтр» Святлана Цыхоўская,

фота юнкораў «Гімназічнага весніка»:

 Канавалава Аляксандра,10 «В»,

Касцюковіч Васіліна, 9 «Б»,

Астанковіч Майя, 6 «Г»,

Гоманава Лізавета, 6 «Г»,

Сцепанюк Віталіна, 6 «Г»,

лектарская група: Язерская Юлія, 9 «А»,

Белавешкіна Дар’я, 9 «Б»,

Язерская Ганна, 9 «А»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *