13 лютага ў 17.30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачне сваю працу часовая экспазіцыя з фондаў музея “…чаго варты стары Талаш?”, прымеркаваная да 90-годдзя выхаду з друку аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” і 180-годдзя з дня нараджэння В.І. Талаша.
“Летам 1932 г. была наладжана экспедыцыя трох Акадэмій навук – Усесаюзнай, Украінскай і Беларускай для шырокага навуковага вывучэння паўднёвых раёнаў Савецкага Палесся. Расказ старога партызана аб яго баявой дзейнасці сумеснай з Чырвонай Арміі быў перададзены мне. Расказ гэты мяне дужа зацікавіў, і я палажыў яго ў аснову сваёй аповесці “Дрыгва”, – так піша сам Якуб Колас пра гісторыю напісання аповесці.
Прататыпам галоўнага героя аповесці з’яўляецца рэальны персанаж – Васіль Ісакавіч Талаш, актыўны ўдзельнік партызанскага руху ў час савецка-польскай вайны, які ў гэтым годзе адзначыў бы 180-гадовы юбілей. Васіль Ісакавіч быў асабіста знаёмы з Якубам Коласам і Заірам Азгурам.
Аповесць Якуба Коласа “Дрыгва” – адзін з самых знакамітых твораў беларускай літаратуры, упершыню была апублікавана ў 1933 годзе, была перакладзена на казахскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, нямецкую, польскую, румынскую, рускую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, яўрэйскую – ўсяго на трынадцаць моваў, так шмат не перакладалі ніводны іншы твор Якуба Коласа.
Аповесць “Дрыгва” мае сваю тэатральную гісторыю, у 2012 годзе атрымала сваё экраннае ўвасабленне, над вобразам дзеда Талаша шмат працавалі мастакі. З-пад рук славутага скульптара Заіра Азгура выйшлі бюсты дзеда Талаша, скульптурная група па аповесці “Дрыгва” на плошчы Якуба Коласа.
Часовая экспазіцыя “…чаго варты гэты Талаш?” падрыхтаваная сумесна з Домам-музеем Дзеда Талаша, Мемарыяльным музеем-майстэрняй Заіра Азгура пазнаёміць наведвальнікаў з гісторыяй напісання і выдання твора, з візуальнымі інтэрпрэтацыяімі твора і галоўнага героя і з асобай Васіля Ісакавіча Талаша.
Падчас прэзентацыі вас чакае куратарская экскурсія па экспазіцыі, тэматычная фотазона, інтэрактыўнае паглыбленне ў часы Дзеда Талаша ад ВГР “Нашчадкі”.