У старэйшых піянераў Засульскай школы адбылася значная падзея: яны атрымалі білеты і значкі членаў БРСМ.
На мерапрыемстве акрамя вучняў і настаўнікаў школы прысутнічалі ўдзельнікі 59-га «Зорнага паходу» – інтэрнацыянальны атрад «Авангард» факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і курсанты інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Урачыстая цырымонія прайшла ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцам, дзе, па добрай школьнай традыцыі, штогод папаўняюцца рады членаў БРПА і БРСМ. Хвіліна маўчання, ускладанне жывых кветак. Пранікнёныя словы дырэктара школы В. І. Кухарчык аб тым, якое шчасце жыць без вайны, пад мірным небам, аб тым, што сёння наш святы абавязак – сумленна вучыцца і працаваць. Затым – цырымонія развітання з піянерскім гальштукам, з насычаным добрымі і цікавымі справамі піянерскім жыццём. На прызыў аддалі ў апошні раз піянерскі салют: «Заўжды гатовы!»
Членскія білеты ўручыла першы сакратар Стаўбцоўскага РК ГА «БРСМ» Я. У. Кажабекава, якая выказала спадзяванне, што юнакі і дзяўчаты зробяць шмат добрага на карысць роднай Бацькаўшчыны, а вучні, у сваю чаргу, далі ўрачыстае абяцанне быць дастойнымі членамі грамадскай арганізацыі і годнымі звання грамадзяніна і патрыёта Беларусі.
Таццяна Мікалаеўна ГАРАНОВІЧ,
педагог-арганізатар,
Стаўбцоўскі раён, Засульская школа.