Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Для мяне, Варвары Гарбаценка, вучаніцы 2-го класа Гаранскай школы, як і для большасці жыхароў Рэспублікі Беларусь, родная мова – беларуская. З нагоды гэтага свята ў нашай школе адбудзецца канцэрт, да якога я разам са сваёй маці Таццянай Аляксандраўнай напісала верш «Вучу родную мову», якім хачу з вамі падзяліцца:
Жыву ў прыгожай я вёсцы,
У сучаснай займаюся школе.
Радзімай сваёй ганаруся –
Завецца яна Беларуссю.
Любімы падручнік – вось гэты,
Завуць – «Беларуская мова».
Ён словы зямлі маёй роднай
Нясе на староначках новых.
Ён гукі зямлі беларускай
Навучыць мяне вымаўляць.
Я буду прыгожа і добра
На мове сваёй размаўляць.
Я «дз» вымаўляць буду мякка:
Дзядуля, дзяўчынка, нядзеля,
Радзіма, падзяка, дзясятка,
Дзяржава, дзяцінства, надзея.
Чачотка, час, жолуд, чырвоны –
Я вымаўлю цвёрда і строга.
А «г» скажу ў словах я так,
Як вучыць мяне мая мова.
«Герб, горад, герой, ганарымся,
Гаворка, герань, гаманлівы», –
Нясецца гучанне па класах,
Спыняецца ў сэрцах шчаслівых.
Выводзіць я буду ў сшытку:
Айчына, настаўніца, вёска…
Бо ў кнізе я бачу: ёсць прыклад,
Таму і пісаць мне так лёгка.
Трымаю падручнік з любоўю,
Да сэрца яго прыціскаю.
Я ведаю: ён дапаможа
Пазнаць мову роднага краю.
З табой, беларуская мова,
Адкрыю я свет, не стамлюся,
Краіны прыгожай, Радзімы,
Маёй дарагой Беларусі!
Варвара ГАРБАЦЕНКА,
вучаніца 2-га класа,
Полацкі раён, Гаранская школа.