Урок мужнасці «У іх лёсах была вайна»

Из нашей почты Новости

Афганістан… Трагічная і разам з тым гераічная старонка гісторыі савецкай дзяржавы, дзе навечна надрукаваны словы «Гонар. Годнасць. Абавязак». Дзевяць гадоў, адзін месяц і васемнаццаць дзён доўжылася гэтая вайна, праз якую прайшло больш за 32 тысячы беларусаў, і сярод іх 122 ураджэнцы Мастоўскага раёна. На ўроку мужнасці «У іх лёсах была вайна» навучэнцы 11-га класа Пескаўскай школы гаварылі аб сваіх земляках-«афганцах».

Мікалай Юр’евіч Малчанаў у 1986 годзе скончыў Ульянаўскае ваенна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці «Забеспячэнне гаручым і ракетным палівам». Быў накіраваны для праходжання службы ў Туркестанскую ваенную акругу. Трапіў у асобны афіцэрскі батальѐн, дзе рыхтавалі спецыялістаў для папаўнення баявых страт у Афганістане. Праз пяць месяцаў падрыхтоўкі ён, малады афіцэр, быў ужо ў краіне «страляючых гор». Прыняў камандаванне ўзводам, у задачы якога ўваходзіла ахова, абарона і забеспячэнне перапампоўкі гаручага на ўчастку нафтаправода даўжынёй у дваццаць кіламетраў ад аднаго блок-паста да другога, паблізу базы Пулі-Хумры. Мікалай Юр’евіч, падпалкоўнік запасу, часта выступае перад моладдзю і гаворыць, што  асноўнай сваёй заслугай лічыць тое, што падчас баявых аперацый ён, як камандзір, не дапусціў гібелі салдат і можа адкрыта глядзець у вочы маці, якія дачакаліся сваіх сыноў дадому жывымі. Мікалай Юр’евіч узнагароджаны знакам ЦК ВЛКСМ за  ўзорнае выкананне баявых задач і праяўленыя пры гэтым адвагу і самаадданасць. Пра многае могуць распавесці і медаль «За баявыя заслугі», і ордэн Чырвонай Зоркі – сведкі нялёгкіх ваенных будняў баявога афіцэра.

Сяргей Вацлававіч Ткачук з’яўляецца старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», вялікую ўвагу надае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.  У 1986 годзе ён у Ашхабадзе атрымаў вайсковую спецыяльнасць мінамётчыка, у маі 1987 года быў дастаўлены ў Афганістан, дзе ваяваў у гарах уздоўж аўтадарогі Кабул-Джалалабад. Салдаты там павінны былі забяспечыць праезд сваёй тэхнікі па дарозе і не даць умацавацца на ёй душманам.

Казімір Казіміравіч Капач, які часта выступае ў Пескаўскай школе, быў прызваны ў армію восенню 1980 года. Школу маладога байца праходзіў у Ашхабадзе. Пасля пяці месяцаў вучобы яго з другімі салдатамі прывезлі ў Пулі-Хумры, што на поўначы Афганстана. Маладога салдата адправілі ў 59-ю брыгаду матэрыяльнага забеспячэння, ён вазіў паліва, узбраенне, боепрыпасы, харчаванне.

Не ўсе вярнуліся з Афганістана. Не вярнуўся адтуль і наш зямляк, Аляксей Іванавіч Красько, які пахаваны ў вёсцы Струбніца. Кожны год, 15 лютага, мы ідзем да магілы нашага земляка, каб правесці мытынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У чэрвені 1985 года  Аляксей Красько быў накіраваны ў Афганістан у вайсковую частку вадзіцелем аўтамабіля. 20 снежня 1985 года пры выкананні баявога задання ў раёне горада Кандагар радавы Красько Аляксей Іванавіч быў цяжка паранены. Ад атрыманых ран памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Яму было ўсяго 18…

Кожны, хто прайшоў праз гэтую вайну, стаў часткай Афганістана, а Афганістан – часткай кожнага салдата. Чалавечая памяць беражэ і захоўвае тое, чаго ўжо няма, што даўно прайшло. Так было і так будзе заўсёды. У нашых сэрцах захаваецца памяць пра тых, хто змагаўся, не задумваючыся, у імя воінскага абавязку. Пра тых, хто мог бы выратавацца, але прыняў рашэнне не пакідаць палаючага самалёта, прыкрываючы дэсант, хто імкнуўся пад абстрэлам забраць параненага таварыша. Яны беспярэчна выконвалі загад, але на подзвіг у іх загаду не было. Афганістан – гэта вечны боль, гэта непраходзячы цяжар на сэрцы, гэта памяць, якую мы павінны пранесці скрозь гады.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 11-га класа,

Мастоўскі раён, Пескаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *