Юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 35-годдзю вываду войскаў з Афганістана, тэме Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў бібліятэчная сістэма Астравеччыны ўдзяляе асаблівую ўвагу. У кожнай бібліятэцы аформлены выставы, кніжныя паліцы, куткі, прысвечаныя памятным датам, праходзяць тэматычныя мерапрыемствы з удзелам моладзі і старэйшага пакалення.
У Астравецкай раённай бібліятэцы прайшоў вечар памяці «Гады праходзяць, боль не сціхае» для вучняў 9-го класа «А» гімназіі № 1. Абмяркоўвалі пачатак ваенных дзеянняў у Афганістане, гістарычныя падзеі, мужнасць, гераізм і стойкасць савецкіх воінаў, нашых землякоў, загінулых выконваючы інтэрнацыянальны абавязак.
Гадзіна мужнасці «Салдат вайны не выбірае» правяла бібліятэкар філіяла «Міхалішкаўская сельская бібліятэка». Навучэнцы даведаліся пра тую страшную крывавую вайну, пра шматлікія подзвігі салдат і афіцэраў. Заклікала маладое пакаленне любіць сваю Радзіму і стаць яе дастойнымі абаронцамі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць аб загінуўшых героях. Таксама бібліятэкар наведала з віншавальнай акцыяй «Боль маёй душы Афганістан» воіна-афганца Юрыя Сухарэўскага, каб асабіста выказаць словы падзякі і падтрымкі, уручыла салодкі падарунак.
Інфарм-дасье «Трагедыя і доблесць Афгана» прайшло ў філіяле «Падольская сельская бібліятэка-клуб», у якім гаварылася пра жорсткасць вайны і гора кожнай маці, якая страціла сваіх сыноў. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гістарычнымі падзеямі вайны ў Афганістане, заклікала школьнікаў быць сапраўднымі патрыётамі, сумленнымі і адказнымі грамадзянамі сваёй краіны. Памяць загінуўшых у афганскай вайне ўшанавалі хвілінай маўчання.
Бібліятэчныя сістэмы прыгадалі вершы і празаічныя творы, прысвечаныя тым падзеям, прыгадалі землякоў-воінаў, паглядзелі фільмы, знаёміліся з выставай «Афганістан – наша памяць». Толькі захоўваючы памяць аб тых страшных падзеях, аддаючы даніну павагі загінуўшым і тым, хто выжыў, можна верыць у тое, што падобнае больш ніколі не паўторыцца ў чалавечай гісторыі.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.