Не дзень, а тыдзень беларускай мовы і літаратуры быў праведзены ў Круцілавіцкай сярэдняй школе.
Пачаўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры і навучэнцы, настаўнікі адчулі святочны настрой ужо ў фае школы. Гучалі песні ў выкананні Ірыны Дарафеевай пра любімую Беларусь. Вучні 7-га класа Раман Масейка і Карына Хоміч стваралі дынамічныя перапынкі. Чытанне беларускіх вершаў, як класікаў так і сучаснікаў у выкананні вучняў-канкурсантаў, аказала на прысутных добрае ўражанне.
Усе мерапрыемствы былі скіраваны, каб вучні цанілі, паважалі і размаўлялі на роднай мове. На працягу тыдня ўсе даказвалі, што яны сябры, аматары роднай мовы, носьбіты духоўнай каштоўнасці. Даказвалі, што любяць мову за тое, што яна мілагучная, багатая на прыгожыя словы і трапныя выразы. Яна старажытная, была блізкай і роднай для нашых дзядоў і прадзедаў і такой будзе заўсёды. Усё залежыць ад нас саміх. Мы выбіраем самі, на якой мове размаўляць. Але ж мы – беларусы і гэтым усё сказана.
Конкурсы, віктарыны, анлайн-экскурсіі, інтэрактыўныя гульні і проста чытанне вершаў, казак праводзілася на гэтым тыдні. Дзякуючы настаўнікам-прадметнікам і ўсім, хто быў зацікаўлены ў правядзенні мерапрыемстваў, тыдзень прайшоў вельмі хутка. Але ў памяці застанецца і песня «Родная мова» ў выкананні гурта «Дразды», і тое, што трэба размаўляць па-беларуску не толькі дзень ці тыдзень, а ўвесь час.
Станіслава Лявонаўна ЖЫХ,
Таццяна Яўгенаўна ЛАЗОВІК,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры,
Дзятлаўскі раён, Круцілавіцкая школа.