Адбыўся фінал абласнога конкурсу творчых работ «Я – заканадаўца»

Из нашей почты Новости

У музеі сімволікі Гродзенскай вобласці ў школе № 2 г. Шчучына адбыўся фінал абласнога конкурсу творчых работ «Я – заканадаўца».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатолій Аляксеевіч Нікіцін, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Янаўна Ганевіч, начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Віктаравіч Тарчынскі.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «Да 30-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: з гэтага ўсё пачыналася», «Я прапаную 2024 год зрабіць Годам…», «Хто ён – мой дэпутат?».  Усяго на конкурс было заяўлена 64 работы з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Фіналістамі сталі шэсць аўтараў самых глыбокіх, цікавых і крэатыўных праектаў. Канкурсанты прэзентавалі свае работы, адказвалі на пытанні кампетэнтнага журы. Па выніках конкурсу былі вызначаны тры пераможцы. У намінацыі «Я прапаную 2024 год зрабіць Годам…» дыплом пераможцы атрымаў Алег Мандзік, навучэнец Пескаўскай школы.

Дзень быў насычаны знакавымі мерапрыемствамі. У школе № 2 г. Шчучына была ўрачыста адкрыта Парта Героя Васіля Якаўлевіча Первушына, які 13 ліпеня 1944 года вызваляў Шчучын, яго танк Т-34 першым уварваўся на вуліцы горада. Прайшло прысвячэнне пяцікласнікаў у навучэнцы прававога класа. Канкурсанты, вучні, педагогі, ганаровыя госці прынялі ўдзел у акцыі  «Алея памяці», прысвечанай 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, высадзілі 275 туй у школьным двары. Усклалі кветкі да помніка загінулым воінам у гарадскім скверы і пабывалі ў музеі гісторыі Шчучыншчыны ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 11-га класа,

Мастоўскі раён, Пескаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *