Навуковец, інжынер і паэт

Из нашей почты Новости

Сёлета 55-годдзе адзначае краязнаўца, публіцыст, перакладчык і паэт Аляксандр Іванавіч Марозаў. З яго творчасцю добра знаёмы не толькі жыхары Астравецкага раёна, але і людзі з іншых куткоў. Чалавек з цікавым лесам, апантаны і неабыякавы, ён прыцягвае дапытлівыя позіркі чытачоў.

У Астравецкай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча «Размова па душах», прымеркаваная да юбілея. Чытальная зала была перапоўнена сябрамі па пяру, прыхільнікамі творчасці і проста чытачам.

Не ўсе ведалі, што Аляксандр Марозаў – навуковец-міколаг. Ён займаецца вырошчваннем грыбоў, браў удзел у стварэнні шэрага грыбаводчых гаспадарак у розных гарадах СНД. Сёння на яго рахунку 14 навукова-папулярных кніг пра грыбы, у тым ліку «Вялікая грыбная энцыклапедыя», якая рэкамендавана ў якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў ВНУ, біялагічных спецыяльнасцей. Пра творчыя дасягненні таксама можна гаварыць бясконца. За плячамі нямала  літаратурных узнагарод, шэраг фестываляў і конкурсаў у намінацыі «Паэзія», грамат ад выканкама горада, праўлення пісьменніцкіх арганізацый за літаратурную дзейнасць,  лаўрэат літаратурных прэмій – усё гэта плён працы Аляксандра Марозава. Песні на словы аўтара, яго вершы ў гэты дзень гучалі асабліва кранальна, нагадваючы аб галоўным. Музычныя кампазіцыі напаўнялі сэрца радасцю і давалі запал бадзёрасці.

Цяпер Аляксандр Іванавіч  працуе інжынерам садова-паркавай гаспадаркі Астравецкай ЖКГ, укладвае ў даручаную справу душу і заўсёды творча падыходзіць да выканання пастаўленых задач. Дзевяць гадоў узначальвае раённае творчае аб’яднанне «Астравецкай зямлі голасы».

Аляксандр Марозаў – чалавек асаблівы: дбайны, таленавіты і творчы. Яго вершы, песні, удзел у фестывалях – гэта дэманстрацыя актыўнай грамадскай пазіцыі, адлюстраванне багатага ўнутранага свету. Шмат зроблена за гэтыя гады. А наперадзе – шмат новых здзяйсненняў.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *