Кніга – маленькае акенца, ды праз яго ўвесь свет відаць. Гэты трапны выраз застаецца актуальным і сёння, бо кніга выхоўвае, вучыць, дае магчымасць развівацца і расці. Дзякуючы ёй чалавек спасцігае галоўныя таямніцы: вучыцца дабрыні і спагадзе. Да чытання асоба далучаецца змалку. Дзіцячыя казкі і апавяданні з’яўляюцца першым маральным арыенцірам, дапамагаюць зразумець асноўныя каштоўнасці. Дзіцячая бібліятэка – гэта асяродак культуры і выхавання.
У Астравецкай дзіцячай бібліятэцы стала традыцыйным правядзення ўрачыстага адкрыцця дзіцячай і юнацкай кнігі пад назвай «Книжная страна – хорошо, что есть она». У гэтым годзе яно мела кінематаграфічны накірунак. Юным чытачам прапаноўвалі акунуцца ў чароўны свет пад назвай «Дзіцячае кіно». Конкурсна-пазнавальная праграма чакала дзяцей на працягу гадзіны. Строгі рэжысёр, яго жвавы асістэнт, непадзельныя Бураціна і Мальвіна, шкодная старая Шапакляк, гарэза, які вечна трапляў, у якія-небудзь гісторыі Нязнайка віталі гасцей.
Прысутныя на мерапрыемстве некаторы час апынуліся на здымачнай пляцоўцы. У якасці герояў выступалі рэжысёр і памочнік рэжысёра. Дзеці сталі ўдзельнікамі здымкаў фільма, ратавалі казачых герояў, адгадвалі мультфільмы па фрагментах музыкі, удзельнічалі ў віктарыне па казках, праходзілі эстафету «Баба-яга», тым самым выпраўлялі сітуацыю, перажывалі разам са здымачнай камандай. Мудрыя і дасціпныя чытачы бібліятэкі ў выніку дапамаглі героям, справіліся з усімі задачамі. Скончылася мерапрыемства на прыемнай ноце, вясёлым флэшмобам.
Прыемным момантам стала ўзнагароджванне лепшых чытачоў, якія сталі сапраўднымі сябрамі бібліятэкі. Яны прыходзяць сюды не толькі за новымі кнігамі, але і за жывымі зносінамі. Ім ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны граматы і падарункі.
Гучны дзіцячы смех гучаў на працягу ўсяго мерапрыемства. Удзельнікі з радасцю фатаграфаваліся з любімымі казачнымі героямі, вывучалі выставу літаратуры, дзяліліся ўражаннямі ад прачытанных кніг. Такое свята дало магчымасць зблізіцца, зразумець, што кніга – галоўны сябар і дарадца. Папяровае выданне не можа змяніць смартфон, планшэт ці электронную кнігу. Кніга – гэта заўсёды новыя прыгоды, цікавыя знаёмствы, радасць зносін з любімымі героямі.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.