Тут жыў мастак…

Белая Русь Из нашей почты Новости

Полацкая зямля заўсёды славілася талентамі. У розныя гады тут жылі і працавалі  знакамітыя мастакі і скульптары. Гэта беларускі жывапісец В.Ваньковіч, скульптар  Р.Слізень, жывапісец К.Баркоўскі. І сярод гэтых імёнаў – імя мастака ХІХ стагоддзя, першага беларускага акадэміка жывапісу, майстра нацюрморта, партрэта і краявіду Івана Фаміча Хруцкага.

Доўгі час імя гэтага мастака незаслужана знаходзілася ў забыцці. Але прыйшоў час, калі мы яго  вымаўляем з гонарам, вялікім замілаваннем і пяшчотай. На жаль у жыцці Івана Фаміча шмат “белых плям”, але вядома дакладна, што першыя і апошнія гады свайго жыцця ён правёў на Полаччыне.

 Настаўнікі і навучэнцы Палатоўскай школы вырашылі ўвекавечыць  памяць аб мастаку. На пачатку пазнаёміліся з энцыклапедычнымі матэрыяламі аб жыцці і творчасці  мастака. Гэта работа нас вельмі захапіла, і таму мы вырашылі  вывучаць яго творчасць больш глыбока і дасканала. Мы пабывалі ў тых мясцінах, дзе некалі  ў маёнтку Захарнічы  жыў І.Хруцкі  з сям’ёй. Наведалі прыгожае возера  Шчалопак, якое мясцовые  жыхары называюць Хруцкім. Яно вельмі маляўнічае. Мастак любіў адпачываць каля возера, дзе набіраў сілы для напісання новых карцін. Наведалі бібліятэкі і архівы, знаходзілі па крупінках дарагія  нам матэрыялы, якія  ляглі ў аснову кутка, прысвечанага жыццю і творчасці  Івана Хруцкага. У школе аформлена невялікая галерэя каляровых рэпрадукцый карцін мастака.

Юныя паэты школы  прысвяцілі  мастаку свае вершы.

 

Прысвячэнне І.Ф.Хруцкаму

Сумуе аб нечым бярозавы гоман

Над цёмным, панурым маўчаннем раллі.

Спыніцеся, людзі! Схіліце галовы!

Мастак  жыў на гэтай цудоўнай  зямлі.

 

Кароткім імгненнем, імклівай маланкай,

Палётам празорлівага пачуцця

Адмеціўся лёс яго першага ранку

На велічна-ціхіх карцінах жыцця.

 

Не марыў аб славе, не сніў пра багацце,

Бяссмерцю не клаў за паклонам паклон,

А проста шукаў чалавечага шчасця

І змроку вачэй у бяспыннасці дзён.

 

Быў  верны жыццю да апошняга слова,

Дастойна выконваў жыццёвы загад.

Спыніцеся, людзі! Схіліце галовы-

На гэтай зямлі жыў цудоўны мастак.

 

Ілья ЛІТВІНАЎ,

вучань 9-га класа,

Полацкі раён, Палатоўская базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *