Іх выхавала вайна

Беларусь помнит Из нашей почты Новости

Дзяцінства – прыгожы і светлы час, які атаясамліваецца са шчырасцю, любоўю і казкай. Гэта незвычайная пара дорыць сапраўднае адчуванне радасці і застаецца ў памяці назаўжды. Аднак ёсць людзі, якія не хочуць прыгадваць свае дзіячыя гады. Гэтыя дзеці не гулялі ў хованкі, яны ўцякалі ў сховішчы, хаваючыся ад бамбёжак і абстрэлаў. Яны не хадзілі ў школу, не займаліся з настаўнікам, іх першым настаўнікам была вайна, якая дыктавала свае правілы. Дзеці вайны… Колькі горычы і болю ў гэтых, на першы погляд, простых словах.

Вандзе Казіміраўне Гасцевіч, жыхарцы вёскі Чахі, было дзевяць год, калі пачалася вайна. Жах, роспач і неразуменне – усё гэта адчувала дзяўчына ў першыя дні вайны. Яна яшчэ не ўспрымала поўнасцю значэнне гэтага слова, аднак, гледзячы на дарослых, разумела, што пачалося штосьці страшнае і разбуральнае. Жанчына і зараз з болем і тугой прыгадвае асобныя моманты. На ўскраіне вёскі Кямелішкі было яўрэскае гета, цяпер там усталяваны помнік ахвярам мясцовага гета, дзе было расстраляна 500 яўрэяў, менавіта такая лічба значыцца на мануменце. Ванда Казіміраўна памятае, што там было сагнана шмат яўрэяў. Дарослыя расказвалі, што яўрэі жылі там у страшных умовах: іх марылі голадам, здзекваліся  і расстрэльвалі. Аднойчы ў вёсцы разгарнулася страшная карціна. Гітлераўцы  сагналі яўрэяў да рова, прымусілі ўкленчыць і расстралялі. Пахаванне засыпалі пяском. Сярод расстраляных былі маці з малымі дзецьмі. Пасля Ванда Казіміраўна разам з сябрамі прыбегла да таго месца. Яна прыпамінае, што яшчэ некаторы час зямля там “хадзіла ходам” – многія яшчэ былі жывымі, спрабавалі ратавацца. Гэтая карціна да цяперашняга часу стаіць перад вачамі жанчыны і прымушае яе сэрца скаланацца.

(Паводле ўспамінаў Ванды Казіміраўны Гасцевіч)

Вольга Мечыславаўна Заянчкоўская,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *