Вачыма нашых продкаў

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Вайна бруднымі ботамі прайшлася па лёсах беларускіх сямей, зруйнавала мары, планы і намеры, знішчыла самыя светлыя летуценні. Гэтае слова рэхам адгукаецца ў кожным сэрцы, прымушаючы біцца часцей. Полымя вайны апаліла і Астравеччыну, забрала жыцці нашых землякоў.

Станіслаў Францавіч Ігнатовіч маладым хлопцам адправіўся на вайну. Ён не ведаў, які жах і боль яго там чакае, ён спадзяваўся вярнуцца ў хуткім часе дамоў. Аднак светлым марам не суджана было спраўдзіцца. Жонка Станіслава не хацела адпускаць свайго мужа, яе сэрца разрывалася ад болю. Да таго ж, на руках у яе заставалася маленькая дачушка Міраслава. Жонка праводзіла мужа да Гудагая. На ўсё жыццё жанчына запомніла тую дарогу, якая стала для яе Крыжовым шляхам, напоўненым болем, пакутамі і слязьмі. Станіслава марыла вось так усё жыццё прайсці побач з любым мужам, аднак шлях аказаўся надзвычай кароткім. Маладая жонка з нецярпеннем чакала лістоў з фронту, аднак лісты былі рэдкімі. Аднойчы ў дом сям’і прыйшоў самы страшны ліст, які паведамляў, што Станіслаў забіты. Жанчына не хацела верыць у страшную навіну. Яна да апошняга верыла, што яе Стась жывы, а ліст – звычайная памылка. На жаль, ліст адлюстроўваў жудасную  рэчаіснасць – Станіслаў быў забіты ў Берліне 1 мая 1945 года, да Перамогі, са слоў унучкі Крысціны Лісоўскай, дзядуля не дажыў усяго некалькі дзён. Гэтая дата да апошніх дзён крывавай ранай лягла на сэрца жанчыны.

У хуткім часе вырасла дачка Міраслава, яна стала звяртацца ў розныя інстанцыі, шукаючы падрабязных звестак аб лёсе бацькі. Яго прозвішча не значылася на помніках і абелісках. Да пошукаў далучыўся праўнук Дзмітрый, які звярнуўся ў цэнтральны архіў міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. У сакавіку 2021 года прыйшла даведка, якая пацвярджала смерць. З цягам часу прозвішча Станіслава Францавіча Ігнатовіча з’явілася на помніку ў вёсцы Трокенікі. Цяпер нашчадкі героя, праходзячы ля помніка, схіляюць калені. Яны памятаюць пра той подзвіг, які здзейснілі нашы продкі дзеля нашага шчасця і міру. Менавіта дзякуючы Станіславу Ігнатовічу і сотням іншых мужчын і юнакоў мы жывём у мірнай краіне і не ведаем ваеннай навалы.

(Паводле ўспамінаў унучкі ветэрана Крысціны Рышардаўны Лісоўскай).

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *