А памяць стукае ў сэрца…

Из нашей почты Новости

80-годдзе  вызвалення  Рэспублікі  Беларусь  ад  нямецка-фашысцкіх  захопнікаў  …

Зусім  нямногія  ветэраны  дажылі  да  гэтай  даты. Дзядулі  і  бабулі   сучасных  вучняў,  у  большасці  сваёй,  дзеці  пасляваенных  пакаленняў,  якія  ведаюць  аб  вайне  па  апавяданнях  сваіх  бацькоў.  Гэта  памяць,  якая  перадаецца  з  вуснаў ў вусны,  прымушае  іх  глыбока  і  эмацыянальна  перажываць  падзеі  больш  чым   паўвекавой  даўнасці. Але  гады  ідуць:  сціраюцца  дэталі,  старэюць і  знікаюць  рэчы,  адыходзяць  людзі.  Што  ж  застаецца  нам, сучасным   дзецям?  Як  не  згубіць  тую  нітку,  якая  звязвае   адстаяўшых  для  нас  права   на  жыццё  з  тымі,  хто  ў  будучым  павінен   гэта  жыццё  прадоўжыць? Апавяданні,  кінафільмы,  экспазіцыіі музеяў,  помнікі  —  вось, бадай, увесь  пералік  тых  крыніц,  з  якіх  мы    чэрпаем  свае  ўяўленні  аб  Вялікай  Айчыннай  вайне.  Аднак,  каб  адчуць  сябе  прыналежным  да  падзей  мінулага,  мала  ведаць  пра  іх.   Веды, якія не  прасякнуты  асабістымі  перажываннямі,  эмоцыямі,  успамінамі,  нічога  не  прыбаўляюць  у  чалавеку  і  нічому  не  вучаць.

Напярэдадні  ўсенароднага свята Перамогі ў Жукоўшчынскай базавай школе прайшла акцыя “Алея Памяці”, прымеркаваная да  юбілейнай даты вызвалення. Вучні школы і калектыў работнікаў  пасадзілі алею з бярозаў і ліп. Кожныя дзве ліпы  ў алеях былі пасаджаны ў памяць аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, якія вярнуліся з вайны жывымі, хоць і параненымі, узнаўлялі і падымалі з руін разбураную краіну. Кожнае трэцяе дрэўца – бярозка, пасаджаная ў памяць аб земляках, ураджэнцах вёсак Алёхнавічы,  Жукоўшчына, Зачэпічы,  Краглі Вялікія і Краглі Малыя, Пецюкі, Погіры, Страла, якія загінулі на франтах Другой сусветнай вайны, заваяваўшы для будучых пакаленняў мірнае неба над галавой. Кожны удзельнік мерапрыемства ў час мінуты маўчання па загінулых перад завяршэннем акцыі адчуў сваю прыналежнасць да ўсенароднай памяці паўшых, бо сённяшняе   пакаленне  ў  неаплатным  даўгу   перад  тымі, хто  застаўся  на  палях  бітваў, перад  тымі,  хто не   вярнуўся, забяспечыўшы  нам  мірнае,  спакойнае  жыццё  на  Зямлі.  Менавіта  таму   наш  доўг —  помніць  аб  тых   суровых  днях  і  героях  вайны.

Без ведання гісторыі не будзе будучыні. Пацверджаннем гэтай высновы з’яўляюцца словы Уладзіміра Караткевіча: “Не пагарджаць сваім святым мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго”. Яны з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам усёй нашай працы.

Людміла Іосіфаўна ШАРКУТ,

кіраўнік музея “Літаратурная  Дзятлаўшчына”,

Дзятлаўскі раён, Жукоўшчынская базавай школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *