Гімназія № 3 Магілёва – старэйшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў рэгіёне. «Разумнаму, добраму, вечнаму» тут пачалі вучыць дзвесце трыццаць пять гадоў таму. Маючы багатую гісторыю, гімназія адпавядае сучаснасці.
Сёння гэтая навучальная ўстанова ў ліку лепшых у вобласці. Вынікі працы трэцяй магілёўскай гімназіі ўражваюць. Мясцовыя навучэнцы бліскуча праяўляюць сябе ў алімпіядах, творчасці і спорце. Калі казаць мовай лічбаў, то за апошнія пяць гадоў гімназісты вызначыліся 30 перамогамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 2 – на міжнародных алімпіядах. Акрамя таго, за гэты час у іх узнагароднай скарбонцы 60 дыпломаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, больш за 400 дыпломаў творчых конкурсаў.
Як удаецца дабівацца такой якасці ў навучанні? У чым заключаецца формула поспеху?
Усе дасягненні навучэнцаў – заслуга педагогаў. Калектыў настаўнікаў– гэта выключныя прафесіяналы сваёй справы. Звыш 94% настаўнікаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыі, трое з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі. Педагогі ніколі не стаяць на месцы, нястомна знаходзяцца ў рэжыме развіцця. Дзякуючы гэтаму, у гімназіі рэалізуюцца інавацыйныя праекты, укараняюцца перадавыя тэхналогіі і методыкі навучання.
Адукацыйны працэс у гімназіі № 3 выбудаваны з акцэнтам на асобу навучэнцаў. Кожнае дзіця тут лічаць унікальным, для кожнага выбудоўваюць індывідуальную траекторыю навучання з улікам яго здольнасцей.
Патэнцыял вучняў стараемся разгледзець яшчэ ў пачатковай школе. Вывучаем схільнасці дзяцей, накіроўваем іх у патрэбнае рэчышча, далучаем да гэтай работы бацькоў. Ужо з другога класа прыцягваем рабят да ўдзелу ў конкурсах і алімпіядах, стымулюем іх пазнавальную актыўнасць. Раскрыццю дзіцячых талентаў садзейнічае разнастайнасць гурткоў і факультатываў. Толькі ў нас функцыянуе адзіны ў горадзе клас Канфуцыя па вывучэнні кітайскай мовы. Наладжана эфектыўная пераемнасць у навучанні. База, закладзеная ў пачатковых класах, мэтанакіравана развіваецца на другой і трэцяй ступені адукацыі.
Сістэмнасць і зладжанасць працы педагогаў прыносіць адпаведныя вынікі. Якасць адукацыі ў гімназіі знаходзіцца на вельмі высокім узроўні. Свае моцныя веды навучэнцы пацвярджаюць не толькі шматлікімі вучэбнымі перамогамі. Штогод сярод выпускнікоў ёсць уладальнікі сярэбраных і залатых медалёў, нярэдка на максімальныя балы гімназісты здаюць цэнтралізаваныя экзамен і тэсціраванне. Больш за 90 працэнтаў гімназістаў становяцца студэнтамі УВА.
Нароўні з навучаннем прыярытэт у трэцяй гімназіі надаюць выхаванню. Педагогі тут усебакова выкарыстоўваюць выхаваўчы патэнцыял урокаў, далучаюць вучняў да беларускіх гісторыка-культурных каштоўнасцей, фарміруюць у дзяцей грамадзянскую пазіцыю, прывіваюць ім любоў да роднай краіны.
Асаблівая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню. У гэтым напрамку функцыянуе інавацыйны рэсурсны цэнтр, распрацаваны аўтарскія праграмы правядзення шостага школьнага дня. Навучэнцы рэгулярна падарожнічаюць па горадзе, вывучаюць старонкі мінулага сваёй малой радзімы. Да культурнай спадчыны і традыцый далучаем вучняў праз нацыянальнае тэатральнае мастацтва – батлейку, якое актыўна адраджаем. У гімназіі пастаянна ладзяцца батлеечныя спектаклі. Тэмы духоўнасці і маралі, якія закранаюцца ў прадстаўленнях, дапамагаюць закладваць у дзяцей правільныя жыццёвыя арыенціры.
Важныя асабістыя якасці фарміруе ў вучняў таксама валанцёрства. Два гады таму нашай установе прысвоены статус «Школы міру», працягваем весці шырокую міратворчую дзейнасць. Плённая праца педагагічнага калектыву дазваляе гімназіі № 3 Магілёва на працягу некалькі гадоў быць у шэрагу лідараў сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Зададзеную планку утрымліваем.
Галоўная мэта – дапамагчы кожнаму навучэнцу самарэалізавацца, знайсці сябе і сваё месца ў грамадстве. Для гэтага створаны ўсе неабходныя ўмовы. Імкнёмся да таго, каб дзеці з цеплынёй успаміналі гады, праведзеныя ў сценах гімназіі.
На семінары працавалі розныя пляцоўкі. Дзяліліся сваім вопытам праектнай дзейнасці ў фарміраванні грамадзянска-патрыятычных камптэнцый вучняў праз майстар-клас настаўнікі-інаватары пачатковых класаў. Шуляк Алена Васільеўна правяла ўрок для дарослых “От проекта – до лепбука”, дзе расказала пра стварэнне сумесна з вучнямі лэпбукаў. Мартынава Наталля Уладзіміраўна на сваім майстар-класе “Реализация воспитательного потенциала через проектную деятельность с учащимися” пазнаёміла з арганізацыяй праектнай дзейнасці і разам з удзельнікамі семінара зрабіла юбілейныя календары.
Адной з першых задач у дадзеным інавацыйным праекце для дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту было знаёмства вучняў з гістарычнай і культурнай спадчынай нашага народа ўвогуле. На працягу трох навучальных гадоў разам з навучэнцамі гімназіі, іх бацькамі паступова далучаліся да гісторыі стварэння сапраўднай батлеечнай лялькі. Накіроўвалі сваю працу пад назвай “Шлях да батлейкі” на фарміраванне сапраўднага грамадзяніна, які ведае гісторыю сваёй краіны, памятае і паважае традыцыі сваіх продкаў, прыкладае намаганні, каб зберагчы ўсё тое, што засталося ад мінулых пакаленняў. Дзякуючы актыўнай творчасці гімназістаў, іх сваякоў і родзічаў, сістэмнай працы настаўнікаў-інаватараў беларускай мовы і літаратуры Алы Фёдараўны Несцяровіч, Ірыны Уладзіміраўны Церахавай, задача была выканана – адрадзілі традыцыі народнага тэатра “Батлейка”.
Вярнулі ў гімназію КТС (калектыўная творчая справа), дзе ўпор рабіўся на вывучэнне традыцый беларускага народа ўсёй гімназіяй (напрыклад, Каляды, Масленіца, Дажынкі (Свята ўраджаю)).
Штогод ужо традыцыйна гімназія ўдзельнічае ў КТС “Дарогамі вайны” пад кіраўніцтвам настаўнікаў-інаватараў Алесі Валер’еўны Лугаўцовай і Юліі Уладзіміраўны Асесаравай. Настаўнікі падзяліліся сваім вопытам правядзення калектыўных творчых спраў, якія аб’ядноўваюць вучняў, настаўнікаў, бацькоў. Былі аформлены тэматычныя інфармацыйныя стэнды газетамі, плакатамі, улёткамі, малатыражнымі газетамі, кніжныя выставы, прайшлі квэст-гульні, конкурс інсцэніраваных песень, вершаў, прозы, конкурс “Легапраект”, конкурс адукацыйных прэзентацый і відэаролікаў, адбылося караоке песень вайны, ваенізаваная эстафета, конкурс страявой песні, выступленне лектарскай групы старшакласнікаў перад навучэнцамі з інфармацыяй “Іх імёнамі названы вуліцы горада”, спартыўныя конкурсы.
Гімназія ўваходзіць у Партнёрскую сетку грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, дзе ўдзельнікамі з’яўляюцца 11 устаноў адукацыі Магілёва і Магілёўскага раёна, сярод якіх 2 установы дашкольнага выхавання, 1 гімназія, 6 школ, 2 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Такім чынам, акрамя ўнутраных рэсурсаў гімназіі прыцягваюцца рэсурсы ўдзельнікаў рэгіянальнай Партнёрскай сеткі (узаеманаведванне навукова-метадычных мерапрыемстваў, школьных музеяў, культурных праграм, святаў) і сацыяльных партнёраў, сярод якіх цэрквы (экскурсіі, лекцыі святароў), музеі (музейныя фонды), бібліятэкі, праваахоўныя органы, вайсковыя часткі (экскурсіі), органы аховы здароўя, грамадскія аб’яднанні (сумесныя мерапрыемствы), тэатры, кінатэатры, прамысловасць (экскурсіі).
У рамках выставы былі прадстаўлены прадукты інавацыйнай дзейнасці Партнёрскай сеткі (электронныя рэсурсы, праекты, інтэлект карты, інтэрактыўныя плакаты). Матэрыялы гімназіі, сабраныя ў рамках інавацыйнага праекта, увойдуць у лічбавы памочнік “Гадуем грамадзяніна і патрыёта” – агульнага прадукту Партнёрскай сеткі.
Была праведзена экскурсія па гістарычных зонах гімназіі.
Безумоўна, з такой багатай гісторыяй, якую мае наша гімназія, інакш проста немагчыма. На тэрыторыі нашай навучальнай установы змешчана вельмі шмат гістарычнай інфармацыі аб выдатных людзях, якія тут вучылі і вучыліся. Выхадцамі гімназіі былі навукоўцы, ваенныя дзеячы, артысты і рэжысёры. У свой час Галоўнае народнае вучылішча (якое ў 1809 годзе было ператворана ў мужчынскую гімназію) скончылі О.Ю. Шмідт, М.К. Судзілоўскі, П.М. Лепяшынскі, браты Гранад, В.Р. Марчанка, П.Ф. Гаранінаў, І. В. Касценіч, М.П. Врончанка, А. С. Бінеўскі, М.Р. Чарняеў – члены ваеннага савета, генерал-маёр авіяцыі Г.Д. Банькоўскі (у гады Вялікай Айчыннай вайны сабраў фотаапарат, на які фатаграфаваў варожыя аб’екты) і іншыя.
У фае на другім паверсе аформлены гістарычны куток “Два стагоддзі служэння Айчыне”, сабраны і сістэматызаваны матэрыял для галерэі дырэктараў, галерэі заслужаных настаўнікаў.
На тэрыторыі гімназіі адкрыта “Алея славы” ў выглядзе лістоў раскрытых кніг, якія змяшчаюць гісторыю гімназіі. Аформлена дэкаратыўная агароджа футбольнай пляцоўкі на прыгімназічнай тэрыторыі “Шляхам моцных ідзем да вяршыняў”, якая нясе ў сабе інфармацыю аб выдатных выпускніках, дасягнуўшых вынікаў у спорце ў розныя часы. На трэцім паверсе працуе экспазіцыя “Выпускнікі і настаўнікі гімназіі, якія ўнеслі свой уклад у развіццё прыродазнаўчых навук”.
На базе гімназіі рэалізаваны 2 інаванацыйных праекта па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. За час працы над праектамі было нямала зроблена: аформлены гістарычны куток, сабраны і сістэматызаваны матэрыялы для галерэі дырэктараў і заслужаных настаўнікаў, адкрыта “Алея славы”, створаны віртуальны музей, аформлена агароджа спартыўнага накірунку, сістэматызаваны матэрыялы вусна-гістарычных даследаванняў па тэме “Вуліцы горада”, сабраны матэрыял для стэнда “Дынастыя гімназіі”, выпушчана 45 нумароў гімназічнай газеты “Гімназічны веснік”, дзе сістэматычна публікаваліся матэрыялы гімназістаў-удзельнікаў інавацыйнага праекта.
Да 235 юбілею гімназіі створаны лэпкуб “Старонкі гісторыі Беларусі” (1789-2024). Навучэнцы праводзілі экскурсіі па гістарычных мясцінах гімназіі, распрацавана больш за 40 адукацыйных медыявандраванняў, якія актыўна выкарыстоўваліся на вучэбных занятках і пазаўрочнай дзейнасці (медыяпрадукты сабраны на электронных носьбітах і размешчаны на сайце ўстановы).
З 2021 года (да 2024) ў гімназіі рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа”, у межах якога гімназісты вывучаюць гісторыю роднага краю і традыцыі беларускага народа. Прыярытэтнымі ў рабоце з навучэнцамі з’яўляюцца калектыўныя творчыя справы.
Такім чынам, у гімназіі фарміруецца маладое пакаленне, для якога імкненне да авалодання ведамі з’яўляецца пастаяннай жыццёвай устаноўкай. Культура і выхаванасць, шырата эрудыцыі і імкненне да лідэрства, здольнасць прымаць адказныя рашэнні, патрыятызм і гонар за сваю Айчыну – гэтыя жыццёвыя каштоўнасці гімназія імкнецца сфарміраваць у моладзі за гады навучання.
Святлана Цыхоўская, рэдактар “Гімназічнага весніка”,
г. Магілёў, гімназія № 3.