Імені героя будзем дастойны

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Са снежня 2023 года школа № 10 г. Ліды з гонарам носіць імя Аляксандра Аляксандравіча Клімко.

Гэтай урачыстай падзеі папярэднічала вялікая пошукавая работа. Дасылаліся запыты ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, у Занальны дзяржаўны архіў г. Ліды, у Архіў грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці, звярталіся па дапамогу ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей, у рэдакцыю газет «Гродзенская праўда», «Лідская газета». І ўсюды сустракалі дапамогу і падтрымку.

Па дробачках вучні разам з настаўнікамі збіралі матэрыял пра Аляксандра Аляксандравіча Клімко, былога вучня сваёй школы, аднаго з арганізатараў падпольнай камсамольска-маладзёжнай групы на чыгуначнай станцыі Ліда ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, на электрастанцыі. Наладзіўшы сувязь з партызанскімі атрадамі «Іскра» і «Балтыец», перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, тыпаграфскі шрыфт. Дзейнасць падпольшчыкаў і партызан прыбліжала вызваленне родных мясцін ад ворага.

Аднак 13 мая 1944 года Саша Клімко быў арыштаваны і кінуты ў засценкі гестапа, якое на той час размяшчалася ў будынку школы, дзе патрыёт вучыўся да вайны. Больш за месяц  мучылі  фашысты вязняў. Але нават самыя жорсткія катаванні не прымусілі Сашу выдаць імёны падпольшчыкаў.

А за пяць дзён да вызвалення горада ад гітлераўскіх захопнікаў, 3 ліпеня 1944 года, адважныя прадстаўнікі маладога пакалення Лідчыны, сярод якіх быў і Аляксандр Клімко, сустрэлі смерць, так і не скарыўшыся ворагу. Яны загінулі… Але яны жывуць!

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аляксандр Клімко пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Адна з вуліц горада Ліды носіць імя героя, Аляксандр Клімко занесены ў кнігу Народнай Славы горада. На доме, дзе жыў Саша, і на будынку школы, дзе ён вучыўся, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Камсамольскім арганізацыям Лідскага завода электравырабаў і сярэдняй школы № 10 г. Ліды было прысвоена імя Аляксандра Клімко.

Кароткае, але гераічнае жыццё дзевятнаццацігадовага юнака – яскравы прыклад мужнасці і адданага служэння Айчыне. Мы сваімі справам і ўчынкамі  будзем дастойны імён герояў сваёй Радзімы.

Дар’я ХАРТАНОВІЧ,

Ангеліна ЛІПІНСКАЯ,

члены пошукавай групы

школьнага музея «Спадчына»,

г. Ліда, школа № 10 імя А. А. Клімко.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *