У хуткім часе скончыцца пост і вернікі праваслаўнай канфесіі адзначаць Вялікдзень. Вялікі пост з’яўляецца часам цішыні, пакаяння, імкнення да дасканаласці. У межах праекта «Бібліятэка – тэрыторыя духоўнасці» ў філіяле «Альхоўская сельская бібліятэка» прайшла гадзіна духоўнай культуры «Вялікдзень – светлае свята» з удзелам іерэя Мікалая Уцекалкі.
Святар расказаў прысутным пра вытокі посту, прывёў цытаты з Бібліі, якія пацвярджаюць яго важнасць для хрысціяніна. Духоўны айцец гаварыў і аб правілах посту, прывёў прыклады рэчаў, ад якіх варта адмовіцца ў гэты перыяд. Быў зроблены акцэнт на пакаянні і прымірэнні з бліжнімі, любові да кожнага чалавека. Айцец Мікалай падкрэсліў, што без любові і прабачэння ўсе духоўныя адрачэнні не маюць ніякага сэнсу, бо асновай хрысціянства з’яўляецца ахвярная і чыстая любоў, прыклад якой паказаў Хрыстос праз сваю смерць і ўваскрасенне. Бацюшка адзначыў, што перыяд Вялікага посту з’ўляецца цудоўным часам для адмовы ад мата і грубых слоў. Затым паказаў прысутным на сустрэчы відэаролік «Вялікі пост. Што трэба ведаць».
Бібліятэкар прачытала некалькі шчымлівых і трапяткіх вершаў пра Вялікдзень, якія напоўнілі сэрцы прысутных святлом і гармоніяй. Пасля айцец Мікалай расказаў пра традыцыі святкавання Вялікадня, звярнуўся да Евангелля. Прысутныя змаглі задаць пытанні, якія іх даўно хвалявалі.
Мерапрыемства не толькі дало новыя веды, але яшчэ ўзбагаціла духоўную сферу ўсіх прысутных.
Вольга Мечыславаўна Заянчкоўская,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.