26 красавіка 1986 года сталася вялікая бяда – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Прайшлі гады, але ж адбітак яе не пакідае нашу зямлю. Радыяцыя – няўлоўнае покрыва, якое забрудзiла сэрцы і душы людзей.
Вучні 6-га і 10-га класаў школы № 13 г. Гомеля не засталіся абыякавымі да гэтай трагедыі і правялі круглы стол «Віна ці бяда?»
– Чарнобыльская катастрофа і сёння не перастае апякаць нашы сэрцы, яна вярэдзіць памяць успамінамі пра бяду, што раптоўна абрынулася на славянскія землі і на ўсю планету, – звярнулася да вучняў вядучая мерапрыемства, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Уладзіміраўна Пратасенка.
Дзесяцікласнікі выступілі ў якасці экспертаў. Так, напрыклад, эксперт-эколаг расказаў пра забруджванне рэгіёнаў Гомельскай вобласці і паказаў іх на картасхеме. Эксперт-псіхолаг прааналізаваў сачыненні вучняў, якія захварэлі пасля аварыі. Літаратар распавяла пра творы беларускіх пісьменнікаў на экалагічную тэму, сярод якіх паэмы «Чорная быль» Сяргея Законнікава, «Зона» Сяргея Давідовіча, «Одзіум» Янкі Сіракова і іншыя. Вучні 6-га класа чыталі вершы Міколы Мятліцкага, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, якія адлюстроўваюць тэмы страчанай зямлі, загубленага маленства, выгнання з роднага кутка і трывожнага роздуму пра будучыню.
Да вучняў звярнуўся і настаўнік гісторыі Сяргей Мікалаевіч Лопіч. Ён расказаў пра тое, што на ліквідацыю наступстваў катастрофы пайшло 32 гадавыя бюджэты краіны! Згадаў пра меры ліквідацыі аварыі, бясплатнае харчаванне, пуцёўкі ў санаторыі для дзяцей, якія жывуць у, так званай, чарнобыльскай зоне.
Дзяўчынкі з 8-га класа паказалі свой творчы падыход і падрыхтавалі меланхалічны танец у памяць аб загінуўшых пажарных-ліквідатарах.
На дадзены момант падзеі аб гэтай катастрофе адыходзяць усё далей у мінулае. Але забываць аб тым, чым можа абярнуцца адна памылка для ўсяго свету, забываць не варта!
Наталля ГОЛУБЕВА,
вучаніца 10-га класа,
г. Гомель, школа № 13 імя П. Х. Басянкова.