Фальклорны карагод у Альхоўцы

Из нашей почты Новости

Вусная народная творчасць з’яўляецца скарбніцай мудрасці і вопыту. Ва ўсе часы народныя звычаі карысталіся вялікай павагай, бо з’яўляліся часткай гісторыі і традыцый нашага народа. Казкі, загадкі, гульні з’яўляюцца актуальнымі і зараз.

Каб далучыць дзяцей да фальклору, бібліятэкар філіяла «Альхоўская сельская бібліятэка» наведалася ў мясцовы дзіцячы сад. Для выхаванцаў малодшай, сярэдняй і старшай групы было праведзена незвычайнае мерапрыемства – фальклорны карагод «Торба казачных дзівос» з удзелам цёткі Казачніцы, якая прынесла ў сваім мяху фальклорныя падарункі – гульні, загадкі і казкі нашых продкаў. Дзеці знаёміліся з казкай «Як Васіль змея перамог». Незвычайны сюжэт і каларытныя вобразы ўразілі маленькіх слухачоў, яны задавалі пытанні і дзяліліся ўражаннямі ад пачутага. А народныя гульні «Млынок» і «Працавітая хустачка» выпрацавалі ў выхаванцаў досціп і спрыт.

Хустка ва ўсе часы з’яўлялася сакральнай рэччу для беларусаў. Жанчыны і дзяўчаты насілі галаўны ўбор з рознай нагоды: падчас святаў, працы, у храм. Мала хто ведае, што завязвалася для кожнай падзеі хустка па-рознаму. Бібліятэкар прадэманстравала некалькі варыянтаў нашэння хусткі. У канцы мерапрыемства дзеці разам заклікалі вясну з дапамогай вершаў і народных песень, а народная казка, яшчэ раз нагадала, што галоўнае гэта дабрыня і павага адзін да аднаго.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *