Ёсць людзі, якія ярка пражылі сваё жыццё, праявіўшы таленты і здольнасці ў розных сферах. Такімі асобамі заўсёды захапляецца грамадства, а іх імёны застаюцца ў народнай памяці на доўгі час, бо добрыя справы жывуць стагоддзямі.
Дыпламат, мовазнаўца і ўсходазнаўца, першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай імперыі – усё гэта Іосіф Гашкевіч, 210-гадавіна з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе. Яго жыццё было непарыўна звязана з Астравеччынай, хоць нарадзіўся дыпламат на Гомельшчыне, у Хойніцкім раёне. За яго плячыма – Мінская духоўная семінарыя, Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія. Іосіф Гашкевіч пасля заканчэння навучальнай установы меў званне магістра багаслоўя, аднак жыццё са святарствам так і не звязаў.
Маладога даследчыка вабіла Кітайская культура, карэйская і японская мовы. Адначасова з гэтым Іосіф Гашкевіч займаўся пытаннямі астраноміі, метэаралогіі, збіраў калекцыю насякомых, не раз выступаў у якасці перакладчыка. З яго ўдзелам быў заключаны руска-японскі дагавор.
Давялося таленавітаму навукоўцу адчуць на сябе ўсе цяжкасці палону. Дзевяць месяцаў сумесна з японскім манахам Тацібана Хаоса навуковец быў у палоне ў Ганконгу. Але і тут не траціў часу – разам з манахам за гэты перыяд ён склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка.
Пасля заканчэння дыпламатычнай работы разам з сям’ёй прыехаў у вёску Малі, дзе працягваў займацца ўсходнеславянскай філалогіяй. Стаў аўтарам працы «Карані японскай філалогіі».
Штомесяц на базе філіяла «Мальская сельская бібліятэка-клуб» адбываюцца мерапрыемствы, экскурсіі па бібліятэцы, якія знаёмяць дзяцей, моладзь з работай музейнай экспазіцыі прысвечанай жыццю і дзейнасці першага Расійскага консула ў Японіі, пра яго апошнія гады жыцця ў вёсцы Малі.
Астравецкая раённая бібліятэка таксама падрыхтавала з гэтай нагоды для вучняў 7-га класа гімназіі № 1 г. Астраўца гістарычны дыліжанс «Першы консул Расіі ў Японіі». Бібліятэкары падрабязна распавялі школьнікам пра жыццё і творчасць першага рускага дыпламата ў Японіі, пра яго апошнія гады жыцця ў вёсцы Малі, а затым правялі гульню на ўважлівасць.
Аграгарадок Малі і зараз карыстаецца вялікай папулярнасцю дзякуючы Іосіфу Гашкевічу.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.