З цікавасцю падарожнічаю па Беларусі. Даведаюся новыя месцы, вывучаю гісторыю. Разам з сябрамі і аднакласнікамі здзейснілі падарожжа ў Магілёўскую і Гомельскую вобласці.
Экскурсійны маршрут пачаўся з вёскі Парычы Светлагорскага раёна, дзе знаходзіцца мемарыял аперацыі «Баграціён». Убачылі цэнтральную скульптурную групу, прылады, транспарт і самалёт часоў Вялікай Айчыннай вайны, траншэі і наведалі музей, у якім выстаўлены экспанаты, знойдзеныя пры раскопках.
Далей наведалі мемарыял «Чырвоны Бераг», прысвечаны ўсім дзецям, якія загінулі падчас вайны. Усе часткі мемарыяла вельмі сімвалічныя. Асабліва крануў ліст 15-гадовай дзяўчынкі Каці, напісаны на школьнай дошцы, у якім яна распавядае свайму бацьку пра зверствы фашыстаў, з-за якіх яна так рана развітваецца з жыццём.
Наступным пунктам маршртута стала сядзіба ХІХ стагоддзя Козел-Паклеўскіх, якая ўразіла ўсіх сваім інтэр’ерам, ляпнінай, аранжарэяй, садам, люстрамі, пакоем у арабскім стылі, падобнай якой больш няма нідзе ў Беларусі…
Завяршальнай лакацыяй стаў горад Бабруйск, у якім мы ўбачылі фрагменты Бабруйскай крэпасці, сучасную «Бабруйск-арэну», праехаліся па маляўнічых самабытных вулачках, загадалі жаданне ў скульптуры бабра і купілі зефір, мармелад, пасцілу арыгінальных густаў і іншую фірмовую прадукцыю ў краме Бабруйскай фабрыкі «Чырвоны харчавік».
Падмацаваўшыся смачнасцямі і незабыўнымі ўражаннямі, адправіліся ў зваротны шлях. Нават «нялётнае» надвор’е не стала перашкодай для нас, нястомных экскурсантаў. Усё тое, што ўбачылі і пра што даведаліся, варта ранняга ўздыму і позняга вяртання дадому. А колькі яшчэ нязведаных маршрутаў нас чакае!
Ілья ЗМАЧЫНСКІ,
вучань 7-га класа «М»,
г. Дзяржынск, гімназія.