Ёсць у жыцці людзей маршруты, якія дыктуе само жыццё, і каштоўнасць іх часам перавышае ўласныя каштоўнасці. Адзін з такіх маршрутаў распрацаваны кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні М. Р. Лукешам сумесна з ветэранам Узброеных сіл, падпалкоўнікам у адстаўцы М. А. Удовікам і ўжо на працягу некалькіх гадоў актыўна дзейнічае ў школе № 6 г. Ліды. Вучні даследуюць памятныя мясціны Ліды і Лідскага раёна, даведваюцца пра гісторыю падзей тых мясцін, працуюць з архіўнымі дакументамі.
Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, члены валанцёрскага атрада «Добрыя сэрцы», адправіліся па маршруце дарожнай карты «Маршрут кадэта», дзе знаходзяцца пахаванні воінаў і мірных жыхароў Вялікай Перамогі.
Хлопцы наведалі лясны масіў вёскі Сялец. Менавіта там знаходзіцца абеліск пяцідзесяці савецкім актывістам і мірным грамадзянам, расстраляным 23 ліпеня 1943 года, аглядзелі руіны фартыфікацыйных збудаванняў, якія захаваліся з часоў Першай сусветнай вайны. Недалёка ад горада Бярозаўка на левым беразе ракі Нёман стаіць скульптура «Журботная маці» памяці ваеннапалонных, якія будавалі мост праз раку, расстраляных пасля заканчэння работ. Абавязковым для наведвання ў дарожнай карце з’яўляецца мемарыяльны комплекс загінуўшым падпольшчыкам, воінам Чырвонай арміі ў аграгарадку Ганчары, дзе на плітах прозвішчы тых, каго знішчылі фашысты: 60 воінаў Чырвонай арміі, 7 падпольшчыкаў, 63 партызаны, 49 мірных жыхароў.
Рабяты сваімі сіламі акультурылі (дзе гэта было неабходна) тэрыторыі каля помнікаў, усклалі кветкі, ушанавалі хвілінай маўчання памяць тых, чыё гераічнае мінулае памятаюць і паважаюць.
У «Маршруце кадэта» ёсць асаблівае месца, якое знаходзіцца за межамі Лідскага раёна, — мемарыял у гонар загінуўшых лётчыкаў лейтэнанта Мікіты Куканенкі і маёра Андрэя Нічыпорчыка. Навучэнцы школы былі на адкрыцці мемарыяла і 19 мая ў складзе дэлегацыі лётчыкаў 116-й штурмавой авіяцыйнай базы наведаюць яго ў гадавіну гібелі герояў мірнага часу.
Пераемнасць пакаленняў, традыцыі школы, павага да подзвігаў старэйшага пакалення – усё гэта і сфарміруе правільныя жыццёвыя каштоўнасці, якія пранясуць хлопцы праз свой жыццёвы шлях.
Таццяна Пятроўна ВАЙТУКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
г. Ліда, школа № 6 імя М. Б. Куканенкі.