Мужнасці забыцця не бывае

Из нашей почты Новости

Такія важныя і правераныя часам словы сталі дэвізам урока мужнасці, які прайшоў ў Начаўскай сярэдняй школе для ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст».

У год святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў гонар 9 Мая мы разважалі, у якіх умовах чалавек праяўляе мужнасць, як стаць мужным, ці трэба мужнасць сучаснаму чалавеку.

Госцем нашай школьнай студыі стаў былы вучань Начаўскай школы, а цяпер афіцэр беларускай арміі Юрый Анатольевіч Падгурскі. Нас цікавіла многае: як прыйшло рашэнне стаць ваенным, які прафесійны шлях пройдзены, якія рысы характару дапамагаюць на службе.

У сваю чаргу Юрый Анатольевіч расказаў пра сучасных герояў – Мікіту Куканенка і Андрэя Нічыпорчыка, якія цаной свайго жыцця выратавалі мірных жыхароў г.Баранавічы. 19 мая 2021 года лётчыкі да канца адводзілі няспраўны самалёт ад жылога сектара. Юрый Анатольевіч быў асабіста знаёмы з гэтымі адважнымі людзьмі і распавёў пра сваіх таварышаў. Гэтая трагедыя адгукнулася болем у сэрцах многіх беларусаў. Прадстаўнікі культурнай Ляхаўшчыны-арт-гурт «Вінс-АКОРД» і Сяргей Купчынскі з Ларысай Заслаўскай – стварылі відэагімн іх бессмяротнаму подзвігу. Ролік «Апошні палёт» дапоўніў атмасферу смутку і павагі да афіцэраў, якія выканалі свой грамадзянскі абавязак.

Прыкладам гераізму і самаахвярнасці сучасным беларусам было пакаленне пераможцаў 45-га года, людзей, якія не шкадавалі жыццяў дзеля Перамогі. Подзвігу продкаў, якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны кожны красавіцкі нумар школьнай газеты «Новы погляд». У гэтых нумарах памяці мы збіраем матэрыялы з асабістых архіваў сваіх сем’яў, сем’яў аднакласнікаў і настаўнікаў. Гэта і апавяданні пра слаўных воінаў, фотакалажы «Яны абаранялі Радзіму», вершы і эсэ, справаздачы аб экскурсіях па памятных мясцінах. Так, на ўроку мужнасці Анастасія Ясінская зачытала ўрывак са свайго артыкула «Мой слаўны прадак». Са справаздачай аб даследаванні лёсу свайго прадзеда – юнага партызана атрада Васіля Каржа – дзяўчынка ўдзельнічала ў патрыятычным праекце «Голас пакаленняў», арганізаваным дзіцяча-юнацкай газетай «Зорка».

Майскі занятак юных журналістаў можна лічыць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў пяцігадовай работы аб’яднання па інтарэсах. У школьнай газеце ўжо склаліся пэўныя традыцыі. Напрыклад, мы штомесяц вызначаем лідараў у вучобе, спорце, творчых справах. Але ўсё ж галоўнай традыцыяй лічым красавіцкія нумары памяці, матэрыялы ў якія рыхтуем з асаблівым інтарэсам і стараннасцю.

Кацярына ШАСТАК,

карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *