Ваверская школа прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе сацыяльных моладзевых праектаў «Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці» у намінацыі «Моладзь за здароўе дзеля жыцця» і рэалізавала праект «Здаровым быць – Радзіме служыць».
З мэтай выхавання пачуцця любові і гонару кожнага дзіцяці за сваю сям’ю, папулярызацыя сямейных традыцый, здаровага ладу жыцця ў школе правялі мерапрыемства «5 складаемых здароўя».
«Здароўе – не ўсё, але без здароўя – нішто» так пачала сваё выступленне Марына Сяргееўна Лясковская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Яна падзякавала ўсім прысутным бацькам за магчымасць і час прыйсці ў школу. Бо здароўе – гэта галоўная каштоўнасць і бясцэннае багацце. Здароўе – гэта жыццё! І якім будзе гэта жыццё, вядома ж, залежыць ад кожнага з вас, лічыць педагог. У актавай зале Ваверскай сярэдняй школы сабралася 8 сем’яў. Усе яны абмяняліся досведам па залатых правілах здароўя.
У нас пік папулярнасці гэтага прадмета прыпаў на 1980-я гады. Савецкія настаўнікі хапаліся за галаву: яго круцілі цэлымі класамі, не выходзячы на перамены, хаваючы цацкі пад партамі. Гэта цацка здымае стрэс, калі круціш у руках, мімаволі супакойваешся. Як вы думаеце, што гэта за цацка? Вядома ж, гэта кубік Рубіка. У сям’і Машкала, мама Алена Людвігаўна змагла таксама ўсіх уразіць сваёй гульнёй на сінтэзатары, бо гэтаму навучылася самастойна за вельмі кароткі тэрмін. Тым самым пакзваючы добры прыклад сваёй дачцы.
Гэта слова паходзіць ад лацінскага «бальнеум» – «прагнаць боль». Гэта ўжо цэлы лад жыцця, які накіраваны на аздараўленне арганізма. Яе называюць лекамі ад шматлікіх хвароб. Дык што гэта? Гэта лазня. А вось пра лазню нам расказала сям’я Маркевіч. Іван Леанардавіч падрыхтаваў галінкі, Кацярына Янаўна прапанавала ўсім звязаць венік на хуткасць.
На мерапрыемстве прысутнічала сям’я Крахмальчык, якая захапляецца жывёлагадоўляй. Тата Віктар Антонавіч заатэхнік, а маці Святлана Іванаўна проста аматарка жывёл. Вельмі цікавым атрымаўся аповед пра іх сямейнае захапленне. Крахмальчык Святлана Іванаўна са сваёй дачкой Сафіяй выканалі песню «Веру, мама, веру».
«Бачучы, як тата захоплена расказвае пра рыбалку, я не мог заставацца да гэтага абыякавым. І з самага ранняга ўзросту тата стаў мяне браць з сабой на рыбалку» – расказаў Дзмітрый Янавіч Круповіч. Сям’я Круповіч падзялілася сваім захапленнем да рыбалкі. Алена Уладзіміраўна звярнула ўвагу ўсіх прысутных, што заўзятымі рыбакамі былі пісьменнік Антон Паўлавіч Чэхаў, касманаўт Юрый Гагарын. А таксама вельмі любіць рыбалку прэзідэнт Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Не абышлося і без конкурсу па гэтай тэматыцы.
«Ніякія лекі не здольныя пашырыць крывяносныя сасуды на доўгую гадзіну і так моцна, як праца мышцаў. Спорт – залог здароўя!» – лічыць сям’я Заброцкіх. Андрэй Эдмундавіч, Таццяна Стэфанаўна разам са сваімі дзецьмі прадэманстравалі свае магчымасці. Мама з дачкой скакалі на скакалцы, Мацвей круціў абруч, ну а тата паднімаў гіру.
Адмаўляючыся ад шкодных звычак, мы робім выбар на карысць здароўя, шчасця і даўгалецця! Здаровая сям’я вызначаецца здаровай атмасферай, у якой пануюць радасць, паразуменне і каханне. У цудоўнай сям’і Ціховіч паводзіны здаровыя. Яны паспрабавалі заняцца карыснымі справамі, знайшлі сабе хоббі ці проста бавяць гадзіну вялікай і вельмі дружнай сям’ёй, у якой выхоўваецца 5 дзяцей. Чароўным было выкананне песні і гульня кожнага члена сям’і Ціховіч на музычным інструменце. Генадзь Янавіч прызнаўся, што для іх сям’і вельмі важна праводзіць шмат часу разам.
«Здаровае харчаванне – здаровае дзіця. А здаровыя дзеці для нашай сям’і саме галоўнае» – так лічыць Ірына Васільеўна Лапата. Ірына Васільеўна расказвае дзецям аб карыснасці прадуктаў і важнасці харчавання для падтрымання здароўя. І таму ўжо вельмі шмат увагі надаюць яны прыгатаванню ежы. Ірына Васільеўна падзялілася з намі сакрэтам свайго торту і пачаставала ім усіх.
Калі нам гавораць цёплыя, далікатныя словы, мы адчуваем, што нас любяць! Сям’я Лапата прапанавала ўсім прысутным адчуць станоўчыя эмоцыі. Лапата Сняжана Іванаўна правяла гульню для сем’яў “Павуцінка”. Гульні з бацькамі вельмі важныя для псіхаэмацыянальнага здароўя дзіцяці – дзеці бачаць, што іх любяць, разумеюць. Дарагія бацькі, праводзьце час са сваімі дзецьмі, і яны абавязкова будуць здаровыя!
Мы яшчэ раз даказалі, што кожная сям’я – гэта каманда, якой пад сілу любыя выступленні. А ўсе пяць складаемых здароўя павінны нас суправаджаць: правільнае харчаванне, фізічная актыўнасць, здаровыя звычкі, гігіена арганізма, станоўчыя эмоцыі. Несумненна, добры след у душы пакінула мерапрыемства і ў дарослых. Для ўмацавання здароўя, за актыўны удзел у мерапрыемстве ўручылі кожнай сям’і кошык садавіны і салодкія падарункі, а таксама падзякі. І напрыканцы ў памяць аб сустрэчы было зроблена агульнае фота і ўсе разам вымавілі наступныя словы: «Я хачу здаровым быць, каб Радзіме служыць!»
Святлана Тадэвушаўна ІОДКА,
настаўнік,
Лідскі раён, Ваверская школа.