Памяць пакаленняў. Іван Фралоў

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Вялікая Айчынная вайна скончылася шмат дзесяцігоддзяў таму, але і сёння яна адгукаецца рэхам у сэрцы кожнага беларуса. Тыя падзеі нельга сцерці з памяці, бо яны нагадваюць аб трагічным часе, які стаў часткай сумнай гісторыі. На жаль, з кожным годам у нашай краіне ўсё менш застаецца ветэранаў. Сведкі вайны пакрысе адыходзяць, пакідаючы пасля сябе добрую памяць. Аднак іх унукі і праўнукі дбайна захоўваюць памяць пра сваіх родных. Часткай гісторыі становяцца і ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Жыхар станцыі Гудагай Дзмітрый Фралоў беражліва захоўвае звесткі пра свайго прадзеда Івана Фёдаравіча Фралова. Іван Фёдаравіч нарадзіўся ў далёкім 1906 годзе на Наваградчыне. Да вайны паспеў ажаніцца. У маладой сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей.

У 35 год мужчыну давялося ўзяцца за зброю і пайсці абараняць сваю Айчыну. 23 чэрвеня 1941 года Іван Фралоў быў прызваны ў войска, служыў у 14-й гвардзейскай брыгадзе. Яму давялося прайсці ўсю вайну. Не раз тварам у твар мужчына сустракаўся са смерцю, аднак не здаваўся, мужна ваяваў. Ён памятаў, што дома яго чакае вялікая сям’я. Менавіта дзеля самых родных і блізкіх людзей мужчына цярпеў невыносныя пакуты, навучыўся жыць у складаных умовах. У канцы вайны ў арсенале салдата была вялікая колькасць узнагарод – медалі «За адвагу», «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй» і ордэн Чырвонай Зоркі.

Усе гэтыя ўзнагароды да гэтага часу ашчадна захоўваюцца ў сямейным архіве. Час ад часу праўнук дастае тыя ўзнагароды, разглядае іх, прыгадваючы аб гераізме і адвазе свайго прадзеда. Сам прадзед не любіў расказваць пра вайну, бо яна моцным болем адгукалася ў яго сэрцы, прымушала прыгадваць страшныя эпізоды, пра якія не хацелася ўспамінаць. Аднак усе гэтыя звесткі пра ветэрана можна знайсці на партале «Памяць народа». Менавіта ён стаў крыніцай новай інфармацыі для сям’і Івана Фралова. Адтуль жа ўнукі і праўнукі даведаліся пра тое, што іх дзядуля ў перыяд наступлення войск на Аршанскім, Мінскім і Барысаўскім напрамках выконваў непамерныя абавязкі, кіраваў снараднай зброяй. Тут вайсковец дасягнуў асаблівых поспехаў, дзякуючы гэтаму і атрымаў медаль “За адвагу”. За гады вайны здараліся розныя эпізоды. Падчас аднаго з іх Іван атрымаў раненне, але гэта не перашкодзіла яму вынесці з поля боя дваіх раненых салдат. Падчас штурму Кёнігсберга на працягу трох гадзін Іван Фралоў перанёс на сабе больш за 300 снарадаў, знаходзячыся пры гэтым па калена ў вадзе. За гэтыя подзвігі мужчына быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

– Пасля вайны прадзядуля разам з дзецьмі і жонкай пераехаў у Калінінградскую вобласць. Час быў складаным. Даводзілася шмат працаваць. Мой прадзядуля працаваў брыгадзірам у калгасе, пасля займаў іншыя пасады. Праз некаторы час памерла яго жонка, прадзядуля застаўся адзін са сваёй дачкой і маёй бабуляй. Памёр у 1973 годзе. Напярэдадні 9 Мая мы прыгадваем прадзядулю, пераглядаем яго ўзнагароды. Менавіта тады прыходзіць разуменне, што мы жывём пад мірным небам дзякуючы яму, –адзначае праўнук Дзмітрый.

(Паводле ўспамінаў Дзмітрыя Фралова)

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *