Першыя крокі да вышынь

Из нашей почты Новости

З кожным годам супрацоўніцтва паміж установамі агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі становіцца больш цесным. Гэта адбываецца і дзякуючы навукова-практычным канферэнцыям, якія ладзяць універсітэты для старшакласнікаў. У бягучым навучальным годзе вучні Сінькоўскай школы прынялі ўдзел у двух такіх мерапрыемствах.

«Першы крок у навуку» – пад такой назвай прайшла навукова-практычная канферэнцыя на базе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, па выніках якой адзінаццацікласніцы Святлана Карповіч і Дзіяна Раць атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў секцыі «Беларускае мовазнаўства». Акрамя таго, Дзіяна Раць была ўзнагароджана дыпломам І ступені за даследаванне «Мянушкі жыхароў вёскі Сівіца Смаргонскага раёна».

Абласная краязнаўчая канферэнцыя «Купалаўская вышыня» ўпершыню прайшла на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У склад удзельнікаў ад Смаргонскага раёна ўвайшлі вучаніцы 11-га класа Анастасія Міжыгурская і Дзіяна Раць. За даследаванні «Гісторыя ўтварэння і развіцця калгасаў на тэрыторыі Сінькоўскага сельсавета» і «Этымалогія тапонімаў Сінькоўскага сельскага савета» яны атрымалі дыпломы ІІІ ступені. Заканчваецца навучальны год.

Хутка выпускнікі стануць студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Пажадаем ім, каб асновы навукі, закладзеныя ў школе, знайшлі працяг на новай ступені адукацыі.

Галіна ЖАЛЕВІЧ,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,

Смаргонскі раён, Сінькоўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *