Лён – гэта брэнд дварэцкай зямлі, бо тут знаходзіцца ААТ «Дварэцкі льнозавод». Работнікі прадпрыемства не толькі перапрацоўваюць ільнотрасту, але і самі вырошчваюць і нарыхтоўваюць сыравіну, а гэта адна з найбольш працаёмкіх культур. Праяўляючы працавітасць і стараннасць, калектыў завода дасягнуў высокіх вынікаў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.
Штогадовае свята прайшло ярка і запамінальна, а галоўнае – з актыўным удзелам прадстаўнікоў вучнёўска-педагагічнага калектыву Дварэцкай школы.
На свяце гучалі песні, адбыўся паказ моднай калекцыі, стартавала вясёлая сельская эстафета, падсілкавацца рознай смакатой можна было на гасціннай гастранамічнай пляцоўцы. У музей пад адкрытым небам усіх жадаючых запрашалі на майстар-класы па пляценні з лазы, ганчарным майстэрстве, вышыўцы, прадзенні народныя майстры Дзятлаўскага раёна.
Не пуставала дзіцячая пляцоўка. Побач працавалі гандлёвыя і выставачныя павільёны, дзе была магчымасць выбраць сувеніры ручной работы. А для аматараў пафатаграфавацца і зняць кароценькія ролікі для сацыяльных сетак былі аздоблены тэматычныя фотазоны.
На старт вясёлай сельскай эстафеты выйшлі тры каманды. Дыплом за І месца ў вясёлай сельскай эстафеце заваявала каманда ААТ «Дварэцкі льнозавод», на другім месцы аказалася каманда ААТ «Дварэц-Агра», «бронзавая» перамога дасталася камандзе Дварэцкай школы.
Актывісты прэс-цэнтра,
Дзятлаўскі раён, Дварэцкая школа.