Бібліяноч ў дзіцячай бібліятэцы

Из нашей почты Новости

«Бібліяноч» – традыцыйнае свята, якое паспела палюбіцца і дарослым, і дзецям. Кожны год чытачоў чакаюць новыя цікавосткі, незвычайныя героі і займальныя прыгоды. Не стаў выключэннем і гэты год.

У філіяле «Дзіцячая бібліятэка» адбылося свята «Ярмарка книжных чудес». Насычаная праграма захапіла маленькіх чытачоў, дапамагла акунуцца ў казачны свет. Сустракалі гасцей вядомыя персанажы – Бураціна, няўрымслівы і гарэзлівы, які адразу паскардзіўся гасцям, што папа Карла даў наказ хадзіць у школу і купіў яму новую кнігу. Аднак зладзеі ўкралі ў яго кнігу. Сябры Мальвіна і П’еро пачалі яго супакойваць, яны казалі, што ў бібліятэцы шмат кніг і можна знайсці любую – нават самую рэдкую. Тады галоўны герой разам з сябрамі вырушыў на пошукі кніг. А госці мерапрыемства даведаліся, што ў бібліятэцы пачаў працаваць «Тэатр чароўных лялек» і прапанавалі паглядзець інсцэніроўку казкі «Рэпка». У гэты час з’явіўся Бураціна разам з сябрамі. Шчаслівы герой паведаміў, што знайшоў тую самую кнігу, у якой ёсць адказы на ўсе пытанні. Гэтай кнігай аказалася энцыклапедыя. Так энцыклапедыя стала ключом да ведаў і адкрыла ўсё патаемныя дзверы. Дзякуючы знаходцы можна было адкрыць свята «Бібліяноч-2024».

Сапраўднай цікавосткай стаў кантактны заапарк «Ребятам о зверятах». Папугай, чарапаха, трытон, карасі, вавёрка, трусы, хамяк, каза – гэтыя і іншыя жывёлы не пакінулі нікога раўнадушным. Аднак экскурсія не скончылася аглядам. Бібліятэкары задавалі разнастайныя пытанні пра жывёл, ацэньвалі ўзровень ведаў маленькіх чытачоў.

У юбілейны год была падрыхтавана патрыятычная пляцоўка, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі «Памяць пакаленняў у імя будучыні». Дзеці адказвалі на пытанні пра вайну, адкрывалі для сябе новыя і невядомыя факты аб падзеях таго часу. А каля бібліятэкі дзякуючы лакацыі «Выхоўваем маленькага чытача» бацькі разам з дзецьмі маглі далучыцца да чытання. На пледах былі раскладзены дзіцячыя кнігі і цацкі, а каляровы парасон ратаваў ад спёкі. 

Працаваў у гэты дзень і сапраўдны тату-салон. Кожны жадаючы мог зрабіць сабе татуіроўку. У гэтым дапамагалі «майстры татуажа». Каляровыя малюнкі стваралі адпаведны настрой. Для актыўных і спартыўных была арганізавана пляцоўка «Движение на опережение». Тут дзеці спаборнічалі ў гульнях і розных відах спорта.

Ці бывае казка без чароўных прадметаў? Вядома ж, не! Трон жаданняў дапамог спраўдзіцца самым запаветным марам. Кожны мог сесці на трон, загадаць жаданне і нават прымераць сапраўдную карону.

Інтэрактыўныя пляцоўка «Пазнай Астравеччыну» далучыла дзяцей да краязнаўства. Удзельнікі гульні прыгадвалі знакамітыя аб’екты Астраўца, іх гісторыю і месцазнаходжанне. За паспяховае пераадоленне квэстаў і правільныя адказы дзеці атрымлівалі смайлы. Дзякуючы ім яны маглі наведаць пакой смеху. Там дзятва дала волю эмоцыям. Анекдоты і смешныя вершы істотна падымалі настрой. Увесь гэты час на вуліцы гучала музыка, ствараючы добры настрой і нагадваючы гараджанам, што ў гэты дзень адбываецца сапраўднае свята мастацкага слова і кнігі.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *