Свята «Гудагай – мая маленькая радзіма» прайшло ў пасёлку і сабрала жыхароў вёскі, гасцей, а таксама былых вяскоўцаў.
Старшыня сельскага Савета Уладзімір Іосіфавіч Барысевіч звярнуўся да прысутных з прывітальным словам. Ён нагадаў аб важнасці роднага мястэчка і каранёў для кожнага чалавека, а таксама заклікаў жыхароў берагчы і шанаваць свой пасёлак, клапаціцца аб яго росквіце і дабрабыце.
Першы ўспамін населенага пункта ў пісьмовых крыніцах – 1509 год. Такім чынам, гісторыя населенага пункта налічвае больш за 500 гадоў. Да пачатку ХХ стагоддзя Гудагай меў іншую назву – Слабодка. Слова ж «Гудагай» ў перакладзе абазначае «беларускі лес». На сваім вяку населенаму пункту давялося перажыць шмат падзей рознага характару. Чуўся тут і дзіцячы звонкі смех, і выбухі гармат падчас Вялікай Айчыннай вайны. Было тут і знішчэнне, і аднаўленне. У гады вайны ў будынку Гудагайскай сямігадовай школы размяшчалася база з ваеннапалоннымі, якіх сюды прывозілі на цяжкія працы. Зараз гэтыя людзі пахаваны ў брацкай магіле. Падчас вызвалення Беларусі Гудагай істотна пацярпеў – у пажары былі знішчаны будынкі, інфраструктура. Аднак вяскоўцы, быццам руплівыя пчолкі, аднавілі сваё мястэчка.
Гудагайцы ў святочнай абстаноўцы ўшанавалі самых старэйшых жыхароў мястэчка. Павіншавалі і сямейныя пары, якія праз дзесяцігоддзі ідуць поруч і даюць прыклад прыгожага сямейнага жыцця маладому пакаленню. Многія з іх выхавалі пяцёра-шасцёра дзяцей, а некаторыя жанчыны нават адзначаны высокай узнагародай – Ордэнам Маці. Не забыліся і пра самых маленькіх. Самы юны жыхар пасёлка быў адзначаны прыемным падарункам. Актыўныя чытачы бібліятэкі, ініцыятыўныя, неабыякавыя, яны цікавяцца літаратурай, удзельнічаюць у культурным жыцці пасёлка, адклікаюцца на кожную ініцыятыву, так сама былі ўзнагароджаны падарункамі і падзячнымі лістамі.
У гэты дзень падымаліся на сцэну і супрацоўнікі з вялікім працоўным стажам, якія ўсё жыццё аддалі сваёй справе: медыкі, чыгуначнікі, супрацоўнікі аптова-гандлёвай базы і прадстаўнікі іншых прафесій. Прывіталі таленавітых вяскоўцаў, з-пад рук якіх выходзяць сапраўдныя творы мастацтва: вышыванкі, ручнікі, дарожкі, сурвэткі.
Для дзяцей была падрых тавана патрыятычная пляцоўка да 80-годдзя вызвалення Беларусі «Памяць пакаленняў у імя будучыні», а таксама інтэратыўная пляцоўка «Пазнай Астравеччыну». Спартыўная пляцоўка «Рух на апераджэнне» дапамагла далучыцца да спорту, а пляцоўка творчасці «Малюем разам» – да мастацтва, пляцоўка «Выхоўваем маленькага чытача», дзе бацькі разам з дзецьмі маглі далучыцца да чытання.
Мерапрыемства выклікала безліч станоўчых эмоцый і падаравала зарад пазітыву жыхарам і гасцям пасёлка Гудагай.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.