Для знаёмства астраўчан і жыхароў горада з гістарычнай спадчынай свайго краю ў Астравецкай раённай бібліятэцы арганізавалі круглы стол «Культурныя правы і культурная разнастайнасць Беларусі».
Былі запрошаны госці з інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук. Кандыдыт гістарычных навук Юрый Унуковіч пазнаёміў прысутных са спецыфікай працы фалькларыста. Арганізацыя паездкі ў населены пункт, збор інфармацыі, сістэматызацыя і вывучэнне атрыманага матэрыялу – усё гэта робяць даследчыкі фальклору і этнаграфіі. Юрый Іосіфавіч выступіў з дакладам «Возера Бык як аб’ект сакральнай геаграфіі Астравеччыны» і расказаў, што падчас экспедыцыі па Віліі запісаў безліч легенд пра ўтварэнне возера. Людзі старэйшага веку прыгадалі звесткі, якія чулі ад сваіх бацькоў і падзяліліся гэтай інфармацыяй з навукоўцам.
Сяргей Грунтоў, кандыдат гістарычных навук, выступіў з дакладам «Спадчына некропаляў Астравеччыны: як паказаць і захаваць самае каштоўнае». Навуковец звярнуўся да тэмы пахаванняў. Надмагіллі ўтрымліваюць у сабе шмат цікавай інфармацыі, звязанай з культурай пэўнай мясцовасці. Сяргей Грунтоў расказаў пра надмагіллі Астравеччыны. Асаблівым чынам спыніўся на агароджах, якія з’яўляюцца каштоўнымі аб’ектамі мастацкага ліцця. Дастаткова часта агароджы ўтрымлівалі ў сабе выявы анёлаў і вінаграднай лазы.
Малодшы навуковы супрацоўнік інстытута Вольга Трубач пазнаёміла слухачоў з малюнкамі на шкле. У яе дакладзе «Роспісы па шкле ў культурнай прасторы Беларусі» прагучалі важныя тэзісы, якія далі ўяўленне аб мастацкім роспісе шкла. У Астравецкім раёне гэты від мастацтва ў свой час таксама актыўна развіваўся. Пасля заканчэння мерапрыемства жадаючыя маглі задаць пытанні навукоўцам, удакладніць пэўныя моманты.
Вольга Мечыславаўна Заянчкоўская,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.