Асобнай старонкай у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўпісаны подзвігі савецкіх дзяцей – герояў-антыфашыстаў.
Марыі Васільеўне Вашчанка (Нікіфаравай) на пачатак вайны споўнілася 14 гадоў. Але грознае ліхалецце прымусіла сталець вельмі хутка, бо выпрабаванняў на лёс маладой дзяўчыны ў ваенным сорак першым выпала нямала. У пачатку вайны ёй давялося стаць партызанскай разведчыцай.
У канцы 1942 года фашысцкія карнікі правялі аперацыю па знішчэнню партызан. Але партызаны выстаялі. Разам са сваімі таварышамі па барацьбе пераадольвала пакуты, голад, холад, кроў блізкіх і родных людзей і Марыя Васільеўна Вашчанка. У пачатку студзеня 1943 года фашысцкія нелюдзі жыўём спалілі ў зямлянцы яе маці. Ноччу выпаў снег, партызаны, якія перайшлі чыгунку, дабраліся ў лагер, пакінуўшы за сабой свежы след. Фашысты па таму следу і знайшлі партызанскі лагер, засталі народных мсціўцаў амаль знянацку. Маці выбегла з зямлянкі, але была паранена ў ногі. Гітлераўцы падпалілі зямлянку і кінулі ў яе маці Марыі Васільеўны.
У той дзень групу з 16 партызан гітлераўцы праследвалі па лесе.Толькі з наступленнем цемнаты партызанам, у тым ліку і Марыі Васільеўне, удалося адарвацца ад праследвання.
Без сарака дзён два гады прыйшлося Марыі Васільеўне змагацца з ворагам у партызанскіх атрадах. У красавіку 1943 года камандаванне даручыла ёй працаваць у партызанскім шпіталі ў вёсцы Даўгабор’е Расонскага раёна. Потым зноў разведка. Разам з сяброўкай Шурай Грыньковай стала разведчыцай першага партызанскага атрада, які дыслацыраваўся каля вёскі Заенкі Полацкага раёна.
Далей баявы шлях партызанкі пралягаў па Вілейшчыне. Удзельнічала пры фарсіраванні партызанамі ракі Заходняя Дзвіна ў раёне вёскі Новае Сяло Лёзненскага раёна. Народныя мсціўцы сістэматычна ўзрывалі чыгуначнае палатно, пускалі пад адхон гітлераўскія эшалоны, праводзілі дыверсіі, аказваючы тым самым вялікую дапамогу наступаючым часцям Савецкай Арміі.
У ліпені 1944 года партызанскія злучэнні, у складзе якіх ваявала М. В. Вашчанка, сустрэлі вызваліцеляў – Савецкую Армію.
Скончыліся баі. Паступова знайшла Марыя Васільеўна і сваіх родных, якіх не бычыла шмат месяцаў. Сястра Ліда ў складзе 332-й дывізіі вызваляла Полацк ад акупантаў, была паранена. Яе бацька пасля вызвалення Полаччыны шмат часу працаваў старшынёй калгаса ў вёсцы Мінтурова Полацкага раёна. Марыя Васільеўна засталася жыць у Полацку. Да выхаду на пенсію шчыра і адказна працавала круцільшчыцай на заводзе «Шкловалакно».
Час бязлітасны, і з кожным днём у жывых застаецца ўсё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Марыі Васільеўны не стала ў 2016 годзе.
Наш святы абавязак – вечна памятаць, якой неверагодна высокай цаной нам дадзена сёння магчымасць жыць, вучыцца ў моцнай і свабоднай краіне. Вечная слава пакаленню пераможцаў! Вечная памяць загінуўшым героям Вялікай Айчыннай вайны!
Ілья ЛІТВІНАЎ,
вучань 10-га класа,
Полацкі раён, Палатоўская базавая школа.