Падарожжа ў беларускі Парыж

Белая Русь Из нашей почты Новости

Вы ведалі, што ад Мінску да Парыжа можна даехаць усяго за дзве з паловай гадзіны? Гэта на самай справе так! Але гаворка ідзе не пра сталіцу Францыі. У Пастаўскім раёне (Віцебская вобласць) ёсць вёска, вядомая на ўсю Беларусь сваёй вельмі дзіўнай назвай. У адзін летні дзень я вырашыў туды паехаць, каб убачыць Эйфелеву вежу і папрактыкаваць сваю французскую мову.

Маё падарожжа пачалося на Полацкім вакзале, дзе я і купіў білет Полацк – Навадруцк (назва станцыі каля вёскі) і адразу ў зваротны бок. Паснедаўшы каля вакзала, я сеў на свой цягнік.

Сыйшоўшы са станцыі, я адразу пачаў разважаць: за што мы ведаем Парыж? Хутчэй за ўсё за Эйфелеву вежу і Сабор Парыжскай Божай Маці! І сапраўды, вежа тут ёсць, але, на жаль, без Сабору – замест яго тут толькі скромны каталіцкі касцёл. Унутр я не папаў: прыехаў занадта позна і не паспеў на ранішнюю службу. Як раз непадалёку і знаходзіцца вежа, да яе я і пайшоў.

Яна ўяўляе сабой 30-метровую металічную канструкцыю, на якую можна нават забрацца, каб убачыць амаль усю вёску (для параўнання: вышыня арыгінальнай вежы – 300 метраў). Наверсе французскай вежы ёсць антэна для радыё- і тэлекамунікацый, на гэтай – каталіцкі крыж. Побач з ёй – невялікія, але вельмі прыгожыя скульптуры Дзевы Марыі і анёлаў.

Яшчэ мяне, як гарадскога жыхара, уразіў той факт, што тут буслы в’юць гнёзды на фанарных стаўбах! Наўрад ці ў сапраўднай сталіцы Францыі яны жывуць настолькі ж блізка да людзей.

Абышоўшы ўсе галоўныя славутасці мястэчка, я вырашыў пацікавіцца, як тут жывуць звычайныя людзі. Знайшоў дзвюх малых сябровак – Ксюшу і Паліну – і з іх дазволу ўзяў у ніх невялікае інтэрв’ю. Паведамілі, што вёска не вельмі вялікая, але такіх жа турыстаў, як і я, сюды прыязджае вельмі шмат У вёсцы ім падабаецца: на пытанне, хацелі б яны з’ехаць у які-небудзь горад, напрыклад, Полацк, адказалі, што не – іх тут ўсё задавальняе. Яшчэ б – мне здаецца, што “парыжанка” і так гучыць вельмі ганарліва.

Я пацікавіўся і культурным жыццём вёскі і з яе гісторыяй: паразмаўляў з дырэктарам Парыжскага сельскага дома культуры.

Галіна Анатольеўна расказала, як вёска атрымала сваю назву: падчас вайны 1812 года, калі Напалеон праходзіў праз тэрыторыю Беларусі, ён, убачыўшы вёску, сказаў: “Тут так прыгожа, як у Парыжы.” У саракавыя годы мінулага стагоддзя мястэчка перайменавалі ў Навадруцк, але ў 2006 годзе жыхары вырашылі аднавіць гістарычную назву.

У савецкія часы жыццё тут было больш актыўным: у раёне праводзілі меліярацыю (працэс асушэння балот), вялося актыўнае будаўніцтва інфраструктуры і жылля, але, на жаль, залаты век гэтай вёскі ўжо даўно ў мінулым.

Да нядаўняга часу ў вышэйпамянёным касцёле працаваў ксёндз Булька, з дапамогай якога і былі пабудаваны ўсе скульптуры, помнікі і, галоўнае, сама Вежа – менавіта таму на ёй красуецца каталіцкі крыж.

Наведаць школьны музей са знаходкамі часоў, калі праз вёску праходзіла напалеонаўская армія, не паспеў: трэба было бегчы на цягнік. Але спадзяюся, што хтосьці з чытачоў усё ж туды загляне: Галіна Анатольеўна кажа, што ён уражвае ўсіх турыстаў, якія туды заходзяць.

Падарожжа было незвычайным, але вельмі цікавым. Пра буйныя гарады ўжо сказана вельмі шмат – я ехаў з мэтай, каб распавесці пра жыццё ў невялікай вёсцы. Трэба памятаць, што цікавыя месцы ў нашай краіне можна знайсці не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў вось такіх невялікіх, але не менш прыгожых куточках.

Святаслаў КАБАНАЎ,

вучань 11-га класса «Б»,

г. Віцебск, гімназія № 2.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *