З пачаткам навучальнага вуліцы горада уквеціліся па-святочнаму апранутымі школьнікамі. Шчаслівае дзяцінства пад мірным небам, са светлымі марамі і надзеямі хлопчыкі і дзяўчынкі пераступаюць школьны ганак.
Першага верасня 1975 года пайшла б у 8 клас Паплаўскай сярэдняй школы дзяўчынка з вёскі Сасновае Балота Галя Вішнеўская. Рыхтавалася да сустрэч з аднакласнікамі і любімымі настаўнікамі, ды давялося зрабіць крок у вечнасць. Жыццё было кароткім, а ўчынак гераічным.
Нядзеля 24 жніўня была сонечнай, як і ўсе папярэднія дні. На двары стаяла нясцерпная духата. Жыхары вёскі Сасновае Балота, Паплаўскага сельсавета, займаліся гаспадарчымі справамі. Адны ўбіралі на саўгасным полі ўраджай, другія нарыхтоўвалі для грамадскай жывёлы корм, выконвалі іншыя работы. На вуліцы – ніводнай дарослай душы, толькі сям-там дзеці ладзілі ля сваіх варот вясёлыя забаўкі.
А чацвёртай гадзіне пасля поўдня Галя Вішнеўская выйшла са сваёй меншай сястрычкай Валяй на вуліцу. Ёй хацелася наведаць сяброўку і пагутарыць аб школьных справах, паколькі наступае новы навучальны год.
Па дарозе да іх далучыліся тры дзяўчынкі-равесніцы. І яны ўсе пяцёра пакрочылі на другі край вёскі.
Параўняўшыся з хатай Віктара Багрыцэвіча, дзяўчаты заўважылі, як над яго хлевам спярша ўзвіўся слуп чорнага дыму, а потым імгненна па ўсяму даху разлілося чорнае полымя пякельнага агню.
– Пажар! – крыкнула Галя і першай кінулася да хлява. Да яе вушэй данёсся крык маленькіх дзяцей. Не раздумваючы, піянерка ўскочыла ў палаючую будыніну, вобмацкам адшукала чатырохгадовую Ларысу і вынесла яе з агню. Але там заставалася яшчэ трохгадовая Ала. Галя, удыхнуўшы свежае паветра, зноў кінулася ў палаючы хлеў. І тут… рухнуў дах. Ён накрыў маленькую віноўніцу пажару Алу і смелую дзяўчынку Галю, якая дзеля выратавання чужых дзяцей ахвяравала сваім жыццём.
Галя Вішнеўская – старэйшая ў сваіх бацькоў. Яна пражыла зусім кароценькае жыццё, усяго толькі чатырнаццаць гадоў, а яе гераічны ўчынак жыве ў народнай памяці. 2 кастрычніка 1975 года імя адважнай бярэзінскай дзяўчынкі пасмяротна занесена ў Кнігу гонару піянераў Беларусі. Ганаровая піянерка Рэспубліканскай і Усесаюзнай піянерскіх арганізацый пасмяротна адзначана медалём “За адвагу на пажары” пасмяротна. Відавочна, героіка ўчынкаў не залежыць ад узросту, і ў мірным жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу.
У жыцці Галіны Вішнеўскай усё было пазначана патрыятычнай пячаткай школьнага юнацтва: піянер – значыць першы, лепшы, перадавы. Дзяўчынка шмат чытала, старанна вучылася, любіла маленькіх дзяцей і марыла стаць выхавальніцай. Любімымі яе кнігамі былі кнігі пра вайну, пра піянераў-герояў, дзе расказвалася аб подзвігах савецкіх людзей ў імя перамогі, у імя светлай будучыні. І ў выключна складаных абставінах сціплая вясковая дзяўчынка, піянерка і школьніца праявіла свае лепшыя чалавечыя якасці. У Паплаўскай сярэдняй школе ўстаноўлены бюст адважнай піянеркі, як даніна павагі да яе подзвігу. Верш земляка Аляксандра Мароза “Ты з намі, Галіна” прадстаўлены ў краязнаўчым паэтычным альманаху “Іх жыццё – як паэма” выдаведства ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка”
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
супрацоўнік Бярэзінскай раённай бібліятэкі.