Памяць пакаленняў. Іван Фралоў

Из нашей почты Новости Проект "Голос поколений"

Вялікая Айчынная вайна і сёння адгукаецца рэхам у сэрцы кожнага беларуса. На жаль, з кожным годам усё менш застаецца ветэранаў. Сведкі вайны пакрысе адыходзяць, пакідаючы пасля сябе добрую памяць. Аднак іх унукі і праўнукі дбайна захоўваюць памяць пра сваіх родных.

Жыхар станцыі Гудагай Астравецкага раёна Дзмітрый Фралоў беражліва захоўвае звесткі пра свайго прадзеда Івана Фёдаравіча Фралова.

Іван Фёдаравіч нарадзіўся ў 1906 годзе на Навагрудчыне. Да вайны паспеў ажаніцца. У маладой сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей.

У 35 год Іван Фёдаравіч узяў зброю і пайшоў абараняць Айчыну. 23 чэрвеня 1941 года быў прызваны ў войска, служыў у 14-й гвардзейскай брыгадзе. Яму давялося прайсці ўсю вайну. Не раз тварам у твар салдат сустракаўся са смерцю, аднак не здаваўся, мужна ваяваў. Ён памятаў, што дома яго чакае вялікая сям’я. Менавіта дзеля самых родных і блізкіх людзей ён цярпеў невыносныя пакуты, навучыўся жыць у складаных умовах. У канцы вайны ў Івана Фёдаравіча была вялікая колькасць узнагарод – медалі «За адвагу», «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй» і ордэн Чырвонай Зоркі.

Усе гэтыя ўзнагароды беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве. Час ад часу праўнук дастае іх, разглядае, прыгадваючы аб гераізме і адвазе свайго прадзеда. Сам прадзед не любіў расказваць пра вайну, бо яна моцным болем адгукалася ў яго сэрцы, прымушала прыгадваць страшныя эпізоды, пра якія не хацелася ўспамінаць. Аднак усе гэтыя звесткі пра ветэрана можна знайсці на партале «Памяць народа». Менавіта ён стаў крыніцай новай інфармацыі для сям’і Івана Фралова. Адтуль жа ўнукі і праўнукі даведаліся пра тое, што іх дзядуля ў перыяд наступлення войск на Аршанскім, Мінскім і Барысаўскім напрамках выконваў адказныя абавязкі – кіраваў снараднай зброяй. Тут вайсковец дасягнуў асаблівых поспехаў і атрымаў медаль «За адвагу». За гады вайны прыйшлося перажыць многія выпрабаванні. Падчас аднаго з іх Іван атрымаў раненне, але гэта не перашкодзіла яму вынесці з поля боя дваіх раненых салдат. Падчас штурму Кёнігсберга на працягу трох гадзін Іван Фралоў перанёс на сабе больш за 300 снарадаў, знаходзячыся пры гэтым па калена ў вадзе. За гэтыя подзвігі воін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

– Пасля вайны прадзядуля разам з дзецьмі і жонкай пераехаў у Калінінградскую вобласць. Час быў складаным, даводзілася шмат працаваць. Прадзядуля працаваў брыгадзірам у калгасе, пасля займаў іншыя пасады. Праз некаторы час памерла яго жонка, прадзядуля застаўся адзін са сваёй дачкой. Памёр у 1973 годзе. Напярэдадні 9 Мая прыгадваем прадзядулю, пераглядаем яго ўзнагароды, разумеючы, што жывём пад мірным небам дзякуючы яму, – распавядае праўнук Дзмітрый Фралоў.

Вольга Мечыславаўна

ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар

Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *