Выхоўваць словам

Из нашей почты Новости

Тыдзень бацькоўскай любові – добрая нагода, каб яшчэ раз узгадаць пра сям’ю, якая з’яўляецца самым каштоўным скарбам для кожнага чалавека. Сям’я – гэта калыска, дзе дзіця выхоўваецца, вучыцца новаму, раскрывае ўласныя таленты.

У асяроддзі блізкіх людзей маленькі чалавек становіцца сапраўднай асобай і на ўсё жыццё запамінае пэўныя рэчы. Тую кніжку казак і апавяданняў, што чытала мама перад сном, напэўна, нельга забыцца ніколі. А яе прыгожы і спакойны голас узгадваецца праз усё жыццё. Кажуць, што сплыла ў нябыт тая прыгожая традыцыя, а літаратура больш не папулярная ў сямейным коле. Мы вырашылі абвергнуць гэты стэрэатып і пазнаёміліся з сем’ямі, якія з’яўляюцца пастаяннымі чытачамі сельскай бібліятэкі аграгарадка Міхалішкі.

Праз чытанне да выхавання

Ганна Субач лагодна прыціскае да грудзей сваю малодшую дачушку Еву. Дзяўчынцы зараз тры гады. І яна не ўяўляе свайго жыцця без кніжкі. Паліцы і стэлажы ў дзіцячым пакоі застаўлены адмысловымі кніжкамі-малышкамі. Дзяўчынка з цікавасцю гартае аб’ёмныя старонкі, разглядае малюнкі, задае маме розныя пытанні. Сябраваць з кнігай Ева пачала яшчэ да нараджэння. Чакаючы сваю трэцюю дачушку, Маці часта брала кнігу і заглыблялася ў незвычайны свет мастацкага слова. Да чытання шматдзетная мама прывучыла і старэйшых дзяцей – Паліну і Мікіту.

Старэйшую дачку Паліну захапляе мастацкая літаратура. Гадзінамі яна можа чытаць апавяданні беларускіх аўтараў, а пасля дзяліцца ўражаннямі ад прачытанага з мамай. Дашкольніка Мікіту прывабліваюць прыгодніцкія апавяданні. Малодшыя дзеці прызвычаіліся да таго, што вячэрні час матуля прысвячае чытанню.

Заходзячы ў пакой да дзяцей, яна выбірае чарговую кнігу і пачынае чытаць. Дзеці спачатку ўважліва слухаюць, а пасля пакрысе засынаюць. Ганна Віктараўна адзначае, што зараз падлеткі прызвычаіліся да тэлефона, які пакрысе выцяснее ўсе іншыя заняткі: чытанне кніг, рухомыя гульні на вуліцы, шпацыр з сябрамі. Бачачы гэтую негатыўную тэндэнцыю, жанчына вырашыла, што сваіх дзяцей будзе выхоўваць па-іншаму, бо толькі праз чытанне літаратуры можна дасягнуць развіцця. Сям’я Субач у поўным складзе заўсёды прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў сельскай бібліятэцы. Дзень маці, 8 сакавіка, Новы год – кожнае свята сям’я ўпрыгожвае не толькі сваёй прысутнасцю, але і актыўным удзелам у святочнай праграме.

Кніга вучыць і свет адкрывае

Некалькі год таму шматдзетная мама Юлія Аўлас атрымала самы каштоўны падарунак на Дзень маці – 14 кастрычніка нарадзілася яе малодшая дачушка Сафія. У гэтым годзе дзяўчынка пайшла ў першы клас. Старэйшая дачка Карына вучыцца на чацвёртым курсе ўніверсітэта. Зусім хутка яна стане дыпламаваным эколагам. Сярэдні сын Кірыл – другакурснік. Ён атрымлівае інжынерную спецыяльнасць. Мама бясконца ганарыцца поспехамі сваіх дзяцей і адзначае, што старэйшыя дзеці паступілі ва ўніверсітэт толькі дзякуючы таму, што заўсёды гарнуліся да кнігі і чытання. Увесь час дзеці былі чытачамі адразу дзвюх бібліятак – Рытанскай і Міхалішкаўскай. На летніх канікулах Карына і Кірыл штодня прыходзілі ў бібліятэку, а новыя кнігі прачытвалі ўсяго толькі за некалькі гадзін. Мама заахвочвала дзяцей да чытання, набывала ім кнігі ў спецыялізаваных крамах. Літаратура была лепшым падарункам на кожнае свята. Сёння вопыт ад старэйшага брата і сястры пераймае і Сафія. Яна з радасцю заглыбляецца ў свет друкаванага слова.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *