«Слова пра бацьку»

Из нашей почты

Пад такой назвай прайшла літаратурная гадзіна ў Падольскай сельскай бібліятэцы-клубе. Школьнікі разгледзілі вобраз бацькі ў літаратуры.

Бібліятэкар у даступнай форме расказала пра прыклады і характарыстыкі бацькоў у мастацкай літаратуры, паведала гісторыю свята, пагаварылі таксама пра ролю бацькі ў сям’і, пра яго ўплыў на дзяцей.

У рамках мерапрыемства была праведзена віншавальная акцыя «Мой тата самы лепшы», дзе жадаючыя змаглі расказаць, якімі яны бачаць сваіх татаў.

Каця Колтан, вучаніца 1-га класа: «Мой тата Дзяніс самы лепшы, самы добры і вясёлы. Ён працуе пагранічнікам. У вольны час любіць рамантаваць машыны, а яшчэ ездзіць на матацыкле. Тата заўсёды дорыць нам з мамай прыемныя падарункі, бо ён ведае нашы перавагі, і выбірае тыя, якія мы чакаем. З гонарам магу сказаць, што ён прысутнічаў на ўсіх ранішніках у дзіцячым садку і школе».

Рома Давідовіч, вучань 4-га класа:  «А мой тата ўсебакова развіты. Ён працуе, нават калі яму штосьці баліць. Займацца хатняй гаспадаркай, корміць і даглядае жывёл, кіруе трактарам, умее араць. Ён таксама смачна гатуе, асабліва атрымліваюцца бліны з мачанкай і яечня. Любіць разам са мной праводзіць вольны час: чытаць кнігі і глядзець тэлевізар. Мой тата з цвёрдым характарам, але ў той жа час вельмі добры і вясёлы».

Маша Каралькевіч, вучаніца 3-га класа: «Мой тата працуе кіроўцам і з кожнай паездкі прывозіць мне нешта вельмі смачнае. Тата любіць лавіць рыбу, а потым і гатаваць яе. Увесь свой вольны час праводзім разам. Тата не баіцца цяжкасцей, ён адважны, смелы і вельмі добры».

Аляксандра Дыско, вучаніца 4-а класа: «Тата працуе лесніком і добра ведае кожную лясную палянку. У лесе ён адпачывае душой, любіць збіраць грыбы. Яшчэ тата майструе розныя вырабы з дрэва і жалеза. Знаходзячыся побач з татам, мне нічога не бывае страшна».

Аліна і Аня Ступенка, вучаніцы 6-га класа: «Наш тата вельмі клапоціцца пра нас. Ён заўсёды дае нам грошы на кішэнныя выдаткі, заўсёды з намі, падтрымлівае, гатовы дзеля нас на ўсё. Любіць рамантаваць машыны, глядзець тэлевізар, тапіць лазню. Наш тата самы лепшы, самы прыгожы».

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *