Хто жадае здзейсніць падарожжа ў мінулае стагоддзе, убачыць вясковы быт людзей савецкай эпохі? Калі ласка – у «Хату брыгадзіра», якая знаходзіцца ў будынку былога ФАПа ў вёсцы Малдавічы Дзятлаўскага раёна.
Пакуль што гэта толькі выставачная экспазіцыя, але перспектывы для росту ёсць. Асноўная задача – паказаць маладому пакаленню савецкую эпоху, каб яны змаглі параўнаць сваё сённяшняе жыццё з тым, як раней жылі людзі. Каб паглядзелі на гэтыя даўнейшыя рэчы і задумаліся аб каштоўнасці жыцця, людскіх адносінах, зрабілі для сябе нейкія высновы.
Нядаўна вучні Дварэцкай школы наведалі «Хату брыгадзіра». Што ж там убачылі? Дакументы, іконы, мэбля, адзенне і абутак, вышываныя ручнікі, кухонныя рэчы, фотаздымкі, дываны, цацкі… Усяго і не пералічыш. Дарэчы, брыгадзір у вёсцы лічыўся першым чалавекам пасля старшыні калгаса. Прадметы інтэр’еру і быту дапамагаюць па-сапраўднаму акунуцца ў тую эпоху.
Экспазіцыя вельмі ўразіла нас. Мы ўбачылі, з якімі цацкамі гулялі дзеці той эпохі, з якімі партфелямі хадзілі ў школу. А абутак раней рабілі такі, што зносу яму не было. Нам цікава расказвалі, як раней бабулі выпякалі ў рускай печы хлеб ды пірагі, што так і хацелася паспрабаваць хрумсткую гарачую скарыначку.
Мы як быццам праехаліся на своеасаблівай машыне часу і былі здзіўленыя таму, як раней жылі людзі, што тады было ў іх на стале, што яны выкарыстоўвалі ў побыце. Гэта вельмі цікава. Прыязджайце!
Ксенія КАНДАКОВА,
вучаніца 8-га класа,
Дзятлаўскі раён, Дварэцкая школа.