Шляхамі Богуша-Шышкі

Из нашей почты Новости

Аграгарадок Трокенікі да гэтага часу застаецца цэнтрам прыцягнення ўвагі навукоўцаў, даследчыкаў, мастакоў і аматараў роднага краю. Калісьці ў гэтай невялічкай вёсачцы і нарадзіўся таленавіты аўтар многіх работ Мар’ян Богуш-Шышка.

Маляўнічыя Трокенікі з вузкімі вулкамі, простай вясковай архітэктурай не раз траплялі на яго палотны, бо менавіта тут прайшло дзяцінства мастака, тут фарміраваўся яго светапогляд і мастацкі талент. Зараз велічная сядзіба мастака не пустуе. Тут размясцілася Трокеніцкая сельская бібліятэка-клуб. Асабліва прыцягвае наведвальнікаў другі паверх пабудовы, да якога вядзе цудоўная кручаная жалезная лесвіца, дзе абсталяваны музейны пакой славутага земляка. Любы чалавек можа дакрануцца да гісторыі, убачыць рэчы творцы. Так гісторыя вёскі ў адзін момант ажывае. Падаецца, што вось-вось насустрач выйдзе і сам гаспадар сядзібы. Кожны экспанат у пакоі – незвычайны, са сваёй гісторыяй. Некаторыя яшчэ памятаюць дотыкі рук гаспадара дома. 

«Не трэба далёка ехаць за моры, за горы, каб даведацца штосьці новае, цікавае» – вырашылі юныя вандроўнікі Міхалішкаўскай школы, адпраўляючыся ў чарговае падарожжа па малой радзіме ў свабодны ад заняткаў дзень – суботу. А маршрут на гэты раз яны выбралі аграгарадок Трокенікі. Экскурсія пачалася з Трокеніцкай сельскай бібліятэкі-клуба. Бібліятэкар Алена Баляславаўна Мацкела гасцінна сустрэла школьнікаў на парозе сваёй установы, і правяла цікавую экскурсію па музейным пакоі, пазнаёміла прысутных з карцінамі мастака, расказвала цікавыя факты з біяграфіі. Прысутных здзівіў этнаграфічны пакой, у якім знаходзяцца помнікі традыцыйнай культуры мясцовасці. Прадметы быту, інтэр’ерныя рэчы, летапіс вёскі Трокенікі – усё гэта знайшло месца ў светлай зале. Затым накіраваліся ў другі пакой, які прысвечаны непасрэдна асобе М.Богуша-Шышкі. Тут можна было ўбачыць тры арыгінальныя карціны мастака і рэпрадукцыі знакамітых карцін. Асобнае месца займае і альбом з фотаздымкамі мастака, зала дае поўнае ўяўленне пра асобу культурнага дзеяча, яго інтарэсы, захапленні, дзіцячыя гады і філасофію жыцця. Выйшаўшы з памяшкання і прайшоўшы ўсяго некалькі метраў, навучэнцы змаглі палюбавацца прыгажосцю навакольных мясцін, пазнаёміцца з сядзібна-паркавым комплексам знакамітага мастака, убачыць двухпавярховы флігель, гаспадарчы будынак і стайню. Таксама пашпацыравалі па парку з ліпавай і каштанавай алеяй. Пытлівыя школьнікі з высокага абрыву паназіралі за маленькай рачулкай Тартак, абнялі старадаўні магутны дуб з просьбай выканаць самыя запаветныя жаданні.

Па словах Алены Баляславаўны, бібліятэку-клуб часта наведваюць экскурсіі з розных гарадоў Беларусі, а таксама замежныя госці. У мэтах прыцягнення ўвагі да захавання культурнай спадчыны ў сядзібе штогадова арганізуецца пленэр мастакоў «Лета ў правінцыі. Сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі», у якім прымаюць удзел больш за дзесятак мастакоў.

У канцы экскурсіі госці, шчыра падзякаваўшы бібліятэкару за новыя веды, за цікавую экскурсію, сфатаграфаваліся на пямяць і пакінулі  словы ўдзячнасці і водгук.

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *