Цяпло сэрцаў – для любімых бацькоў

Из нашей почты Новости

Словы « маці» і «тата» розныя па гучанню, але ў той жа час такія блізкія для кожнага чалавека ў жыцці. І дзе б кожны з нас не апынуўся, нас заўсёды цягне до роднага парога, да хаты бацькоў. Туды, дзе чакаюць нашыя самыя любімыя, самыя добрыя, самыя прыгожыя і ласкавыя матуля і тата.

Каб выказаць словы ўдзячнасці і падзякі ўсім бацькам за іх працу і бясконцы клопат, Макараўская школа актыўна ўключылася ў рэалізацыю плана мерапрыемстваў рэспубліканскай інфармацыйнай кампаніі «Сэрца аддаю дзецям». У рамках Тыдня бацькоўскай любові праведзены шэраг розных мерапрыемстваў, у якіх задзейнічаны дзіцячыя і моладзевыя аб’яднанні, выхаванцы рознаўзроставай групы, бацькі, педагагічны калектыў, соцыум.

Члены грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» прынялі ўдзел у акцыі «Павіншуем маму разам», падчас якой павіншавалі ўсіх матуль, падарылі ім добры настрой і сувеніры. А вось самыя маленькія – выхаванцы рознаўзроставай группы і навучэнцы пачатковых класаў, павіншавалі сваіх татаў паштоўкамі, зробленымі сваімі рукамі, і ўручылі іх у час канцэртнай праграмы «Цяпло сэрцаў – для любімых бацькоў». У час хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі нумары мастацкай самадзейнасці, якія кранулі сэрцы гледачоў і перадалі ўсю цеплыню і любоў да бацькоў, якія прысутнічалі ў зале.

Не засталіся ў баку і члены грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Піянеры правялі акцыю «Дзякуй, мама! Дзякуй, тата!», падчас якой і навучэнцы, і работнікі ўстановы мелі магчымасць на папяровых сэрцайках напісаць словы падзякі сваім бацькам і прымацаваць на вялікае сэрца, якое сімвалізуе любоў, павагу, вернасць, узаемаразуменне ў сям’і.

Вялікую зацікаўленнасць у дзяцей выклікаў прагляд фотасушкі «Мудрасць бацькоўскага кахання». Кожнаму ўдзельніку хацелася паказаць і расказаць аб сваіх родных і любімых сэрцу бацьках, падзяліцца добрымі сямейнымі традыцыямі.

Цікава і займальна прайшла конкурсна-гульнявая  праграма «Усё для мамы». Падчас праграмы ўдзельнікі расказвалі вершы пра маму, спявалі песні, складалі букет з ласкавых слоў, на паветраных шарыках малявалі ўсмешку мамы, рабілі віншавальныя для любімых матуль.

У рамках шостага школьнага дня навучэнцы пачатковых класаў прынялі ўдзел у выставе малюнкаў «Самая лепшая матуля мая». Намалявалі партрэты мам і ў іх атрымаліся цудоўныя малюнкі!

Тыдзень бацькоўскай любові скончаны, а на душы засталіся добрыя ўспаміны і радасны настрой ад усмешак блізкіх нам людзей.

Алена Антонаўна БУДНІЦКАЯ,

настаўнік пачатковых класаў,

Бераставіцкі раён, Макараўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *