Менавіта ў гэты час, час асенніх канікул, першакласнікі адправіліся ў першае падарожжа. «Куды быў пракладзены ваш маршрут?», – запытаеце вы. З задавальненнем адкажам.
Цудоўным восеньскім ранкам мы накіраваліся ў горад Ліду каб наведаць цэнтр бяспекі. На парозе цэнтра нас сустрэў малады чалавек ў форме. Экскурсавод адразу захапіў увагу вучняў. Расказаў ім аб магчымых наступствах і аб тым, чаму так важныя бяспечныя паводзіны. Дзецям задаваліся пытанні і яны адказвалі на іх, расказвалі свой пункт гледжання і тое, як яны разумеюць дзіцячую бяспеку. І галоўнае, тое, у чым гэтая шкода заключаецца і як трэба правільна сябе паводзіць у розных сітуацыях, якія могуць паўстаць у кватэры, доме, калі дзеці без дарослых.
«Адкрытыя вокны і балкон – не месца для гульняў», – працягваў размову са школьнікамі экскурсавод. Часам можа здавацца, што мы знаходзімся ў бяспецы проста прысеўшы на падваконнік або краёчак парэнчаў, але адзін неасцярожны рух можа скончыцца падзеннем. Калі ты жывеш не на першым паверсе, то не гуляй і не песціся на адкрытым балконе, зляцець уніз можна вельмі хутка і разбіцца. У цікавым кіно часта паказваюць, як супергероі скачуць з вялікай вышыні і не разбіваюцца – гэта звычайныя кінатрукі, у сапраўдным жыцці так не бывае, дзяўчынкі і хлопчыкі не лётаюць.
Пераходзячы з аднаго пакоя ў другі, вучні даведваліся, як трэба паводзіць сябе на вадаёмах, у лесе. Якія дзеянні трэба выконваць, калі пачалася навальніца. Экскурсавод звярнуў асаблівую ўвагу на правілы пажарнай бяспекі, запэўніў дзяцей, што з запалкамі гуляць нельга. У запалцы або запальнічцы жыве маленькі агонь, але ён можа запаліць велізарнае полымя і спаліць вялікі дом. «Памятай – велізарны пажар пачынаецца з маленькай іскры», – сказаў экскурсавод. Тэхніка пажарнай бяспекі ў кожным доме важна.
Хлопчыкі і дзяўчынкі разгледзелі такое пытанне, як электрычнасць у разетцы. Даведаліся, што, калі туды штосьці засунуць, то цябе можа ўдарыць токам. Іскры могуць запаліць велізарны пажар. Экскурсавод папярэдзіў, што патрэбна быць разумным, нічога не засоўваць ў разетку, таму што ток патрэбен для працы электрапрыбораў, але ён вельмі небяспечны. Не трэба балавацца з электрапрыборамі і разеткай.
Таксама вучыліся правільна карыстацца тэлефонам, каб вызваць падмогу. Экскурсавод расказаў пра тое, што дзверы чужым не трэба ніколі адчыняць. Ні дзядзьку лекару, ні цётцы суседцы, ні міліцыянеру, ні сантэхніку – гэта можа быць бандыт! Нават калі за дзвярыма кажуць, што гэта бацькі папрасілі – не трэба верыць! Адразу патрэбна тэлефанаваць бацькам або ў міліцыю.
Рухаем далей і накіроўваемся ў гісторыка-мастацкі музей горада Ліды. Першакласнікам спадабалася экскурсія «Згадкі з беларускай хаткі». У беларускай хатцы было шмат чаго паглядзець: посуд з гліны, лялькі з ануч, дываны, рушнікі, стравы беларускай кухні, прылады працы беларусаў. Дзеці даведаліся, якую карысць прыносілі прадметы побыту свайму гаспадару, як сам гаспадар да іх адносіўся, у якія прыкметы верыў падчас іх выкарыстання, якія магічныя словы і дзеянні суправаджалі гэтыя прадметы. Першакласснікі пазнаёміліся с асаблівасцямі будовы сялянскай хаты: ад выбару месца да прыкмет, звязаных з наваселлем. Узгадалі казкі і іх герояў, міфічных істот: Хатніка, Бабу-ягу, пазнаёміліся з душой хаты – печчу, шукалі дамавічка, які схаваўся ў падпечку, пяклі бліны ў печцы, спрытна падкідваючы іх на патэльні, ляталі на мятле з Бабай-ягой, паглядзелі ценявы тэатр па казцы «Калабок». Экскурсія выдалася пазнавальнай, цікавай і забаўляльнай. Шчаслівыя і задаволеныя вярталіся дамоў!
Які цудоўны падарунак прыпаднесла восень! Дзякуй, восень, за тваю шчодрасць і прыгажосць!
Жанна Яўгенаўна БЯЛЬЧЫЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў,
г. Навагрудак, школа № 3 імя В. Г. Гаховіч.